Беларусь спыняе імпарт расейскай электраэнергіі - не дамовіліся па коштах


Беларусь з 2018 года адмаўляецца ад імпарту электраэнергіі. Пра гэта сёння заявіў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык на сумесным пасяджэнні палатаў беларускага парламента, перадае БелТА.

Перамовы з Расеяй па закупах электраэнергіі скончаныя.

«Прыйшлі да высновы, што не будзем закупляць яе па коштах Расеі, а будзем замяшчаць яе ўласнай выпрацоўкай. Ужо з 2018 года мы цалкам адмаўляемся ад імпарту электраэнергіі», – сказаў Патупчык.

Раней планавалася, што Беларусь адмовіцца ад імпарту электраэнергіі ў 2020 годзе.

Беларусь плануе запусціць першы блок Астравецкай БелАЭС у 2019 годзе. Яна будзе інтэграваная ў энергасістэму краіны. Уладзімір Патупчык адзначыў, што дзеля гэтага прынялі адпаведны план мерапрыемстваў, якія дазволяць павысіць надзейнасць энергасістэмы. Адначасова ідзе пошук шляхоў, якія дазволяць павысіць электраспажыванне ў Беларусі.

Напрыканцы ліпеня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы з Лукашэнкам пацвердзіў гатоўнасць украінскага боку аднавіць пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, якія былі прыпыненыя ў 2014 годзе.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў