«Belarus Security Blog»: Расея карыстаецца безыніцыятыўнасцю Менску ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі


Масква спрабуе павялічыць свой уплыў на ўсходзе Беларусі, у той час як афіцыйны Менск проста не мае стратэгіі адносна развіцця гэтых сваіх рэгіёнаў, мяркуюць эксперты з Гомля, Магілёва і Крычава, якія выступалі на штогадовай канферэнцыі «Belarus Security Blog» аб праблемах нацыянальнай бяспекі.

Жыццё на Усходняй Сцяне

Важную частку абмеркаванняў прысвяцілі сітуацыі ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласцях краіны – рэгіёнам, якія мяжуюць з Расеяй. «Усходняя мяжа: жыццё на Сцяне»: гэтак, згадваючы варту, якая абараняла свет жывых ад свету сілаў смерці ў «Гульні тронаў», назваў свой даклад прадстаўнік прафсаюзу РЭП з Гомля Андрэй Стрыжак.

Беларуска-расейская мяжа, фота ТАСС

Стрыжак адзначыў: з’явілася сетка прарасейскіх сайтаў, якія скіраваныя менавіта на беларускія рэгіёны і змяшчаюць прыблізна 70 % рэгіянальных навінаў ды 30 % прапаганды, што падрывае беларускую дзяржаўнасць і нацыянальную ідэнтычнасць.

Антыбеларускія прапагандысты спрабуюць заваяваць уплыў у рэгіянальных беларускіх пабліках у сацыяльных сетках, а Масква наўпрост ці ўскосна фінансуе напалову вайсковыя арганізацыі – «казакоў» ці ветэранаў, як Саюз вайсковых маракоў у Рэчыцы.

Дазорныя на Сцяне

Супрацьстаяць спробам інфармацыйнай агрэсіі блогеры, незалежныя медыі, НДА, прафсаюзы, праваабаронцы. Пры гэтым усходнебеларускія мясцовыя ўлады, разумеючы сваю слабасць у гуманітарных пытаннях, апошнімі гадамі часам ідуць на супрацу з незалежніцкімі мясцовымі актывістамі.

«Розніца з сітуацыяй у 2012–14 гадах каласальная, улады сталі больш рухацца да людзей», – адзначае Юрый Стукалаў з Цэнтру гарадскіх ініцыятываў у Магілёве. Ён таксама адзначае паступовую змену пакаленняў чыноўнікаў: прыходзяць людзі з менш аўтарытарнымі, прасавецкімі ці прарасейскімі ўяўленнямі. Але і тут адзначаюць, што ў кожным раёне ўсё можа быць вельмі індывідуальна.

Адзін прыкладаў працы Цэнтру гарадскіх ініцыятываў у Магілеве. Фота masheka.by

«Няма агульнабеларускай стратэгіі працы з рэгіёнамі. Усё залежыць ад канкрэтных людзей. Кожны рэгіён – асобны свет», – заўважыў Юрый Стукалаў.

Валодзя больш папулярны за Сашу

«Усход – справа далікатная, нават калі гэта ўсход Беларусі», – пажартаваў Сяргей Няроўны, выдавец газеты «Вольны горад» з Крычава. Ён адзначыў, што, з аднаго боку, усходнія рэгіёны Беларусі зазнаюць эканамічную дэградацыю ды збядненне, насельніцтва зʼязджае з раёнаў у вялікія гарады, у Менск ці ўвогуле ў Расею ці Польшчу на працу.

Акрамя таго, на меркаванне спадара Няроўнага, аслабляе пазіцыі афіцыйнага Менску схільнасць «кадрава напаўняць рэгіёны інтэрнацыянальным смеццем», то бок ставіць на важныя пасады людзей, якія не адчуваюць асабістай сувязі з беларускаю незалежнасцю, якія гатовыя яе прадаць, калі нехта дасць больш грошай. Гэтыя ж людзі рэгулярна робяцца фігурантамі карупцыйных справаў. На фоне эканамічнай стагнацыі ды беднасці старыя лозунгі Аляксандра Лукашэнкі пры гэтым ужо больш не дзейнічаюць на людзей, у выніку чаго больш папулярны за яго тут прэзідэнт Расеі.

У той жа час, як мяркуе Сяргей Няроўны, мясцовыя ўлады, маючы ўласны ідэйны вакуум, сталі больш прыслухоўвацца да незалежных сілаў.

«Заўважна скараціліся кантакты з расейскімі арганізацыямі… 9 траўня рэдка калі ўбачыш георгіеўскую стужку. Бачна, што ўлады вучацца, таму мы з вамі недарма працуем», – падсумаваў эксперт.

Генерал Кіпрыян Кандратовіч. Крыніца: Belarus Security Blog
  • 30 траўня ў Менску незалежны нацыянальны аналітычны праект «Belarus Security Blog» правёў пятую штогадовую канферэнцыю, прысвечаную памяці ўдзельніка расейска-японскай і Першай сусветнай войнаў, міністра абароны Беларускай Народнай Рэспублікі, генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў