Беларусь рыхтуецца да парламенцкіх выбараў


У Беларусі распачынаецца перадвыбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў. Напярэдадні ўлады зацвердзілі канчатковы дзень галасавання – 11-га верасня. Цяпер рыхтавацца да выбараў пачалі і патэнцыйныя кандыдаты, і Цэнтрвыбаркам, і назіральнікі.

Парламенцкія выбары папярэдніх скліканняў суправаджаліся шэрагам крытычных заўвагаў з Захаду. Паводле ацэнкі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, ніводны склад Палаты прадстаўнікоў не быў абраны згодна з прынцыпамі дэмакратыі і роўнасці ўсіх удзельнікаў палітычнага працэсу. Надзею на перамены з правядзеннем выбараў звязваюць і далёка не ўсе жыхары нашае краіны.

Жыхары Менску:

«Новы будзе парламент, новыя законы для народа, павялічаць пенсіі для пенсіянераў».

«Спрабую спадзявацца больш на сябе. Думаю, што пераменаў добрых бліжэйшым часам не будзе».

«Калі выбары рэальна будуць нешта вырашаць, вось тады я пайду і сапраўды прагаласую, а так пакуль пасяджу ўдома».

Для правядзення больш празрыстых і дэмакратычных выбараў будзе недастаткова папярэдне анансаваных Цэнтрвыбаркамам зменаў, датычных найперш выбарчых камісіяў, мяркуюць удзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Валянцін Стэфановіч, «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Вялікіх спадзяванняў, што яны моцна будуць адрознівацца ад папярэдніх, напэўна няма. Ёсць пэўная інтрыга ў сэнсе таго, ці апынецца нехта з прадстаўнікоў апазіцыі ў Парламенце ці не. Пра гэта шмат гавораць».

Цяпер жа, калі стратэгія байкоту фактычна падпала пад забарону, палітычныя лідары заклікаюць далучацца да кампаніяў альтэрнатыўных кандыдатаў і вылучацца на выбарчыя ўчасткі назіральнікамі.

Віталь Рымашэўскі, «БХД»:

«Два-тры падстаўныя апазіцыянеры ў парламенце нічога не вырашаюць. Дзеля таго, каб зламаць гэтую гульню ўладаў Беларусі, патрэбны моцныя кандыдаты ад незалежных дэмакратычных сілаў і моцная кампанія назірання. Я ўпэўнены, што рэжым Лукашэнкі не прапусціць ніводнага моцнага незалежнага кандыдата».

Ужо заўтра адбудзецца паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі, у якім возьме ўдзел і прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». На паседжанні абяцаюць зацвердзіць пастановы і метадычныя рэкамендацыі для працы ўчастковых і тэрытарыяльных камісіяў. Першая іх незалежная ацэнка мусіць зʼявіцца праз некалькі тыдняў.

ЮЛ, Белсат

Стужка навінаў