Беларусь распрацоўвае лёгкі ўніверсальны гранатамёт, вывучаючы досвед апошніх войнаў


Беларуская кампанія БСВТ-ВВ прадставіла на міжнароднай выставе «MILEX-2017» праект лёгкага гранатамётнага комплексу ММ-60, які прызначаны як для барацьбы з жывой сілай, гэтак і бранятэхнікай праціўніка. На гэта звярнуў увагу аўтарытэтны часопіс у галіне ўзбраенняў IHS Janeʼs Defence Weekly.

БСВТ-ВВ уваходзіць у структуру дзяржаўнага пастаўшчыка прадукцыі ваеннага і падвойнага прызначэння «Белспецзнештэхніка».

«Прааналізаваўшы апошнія канфлікты, сусветны рынак і патэнцыяльныя патрабаванні кліентаў, мы вырашылі, што пераносны гранатамёт вагай у 4-5 кг – самая запатрабаваная опцыя», – сказаў прадстаўнік кампаніі.

Такім чынам гранатамёт, тубус ад якога выкідваецца пасля стрэлу, мае вагу 4 кг, а сістэма кіравання агнём да яго – яшчэ 1 кг. Сістэма мае здольнасць бачыць ворага праз звычайны аптычны, інфрачырвоны і тэрмальны прыцэлы.

Раней Беларусь займалася пераважна дальнабойнымі супрацьтанкавымі ракетнымі комплексамі, у тым ліку распрацоўваючы іх з Украінай – такія, напрыклад, як «Скіф» і «Шэршань». Пры гэтым беларусы выраблялі сістэмы навядзення, а ўкраінцы – ракеты.

Стральба СТРК «Шэршань».

Згодна з крыніцай у БСВТ-ВВ, новая сістэма дазваляе дакладнае знішчэнне цэляў на адлегласці да 500м праз выкарыстанне сучаснай сістэмы прыцэльвання, які рэзка зніжае ўплыў так званага «чалавечага фактару», піша «Janeʼs».

«Зброя мае шматмэтавую фугасна-аскепкава-кумулятыўную боегалоўку, якая можа знішчаць амаль любую бранятэхніку на поле бою», – дадаў прадстаўнік БСВТ-ВВ.

Выпрабаванні гранатамётнага комплексу плануецца пачаць у 2018 годзе.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў