Беларусь працягвае выступ у футбольнай Лізе нацыяў – сёння матч супраць Малдовы


Ці ўтрымае за сабой беларуская зборная першае месца ў табліцы?

На дадзены момант нашая каманда, якая на мінулым тыдні дома перамагла Люксембург (1:0), займае першае месца ў групе D2 Лігі нацыяў.

Сёння Беларусь на менскім стадыёне «Дынама» прымае Малдову (пачатак а 21:45). У верасні гэтыя каманды разышліся мірам – 0:0.

Напярэдадні галоўны трэнер беларускай зборнай Ігар Крывушэнка агучыў мэту сваіх гульцоў:

«На дадзены момант – перагуляць Малдову. Больш глабальна – заняць першае месца ў групе. А там далей будзем крок за крокам. Не люблю доўгатэрміновыя планы. Спачатку трэба выканаць канкрэтна пастаўленую мэту, пасля пераходзіць да другой».

Група D2: 1. Беларусь – 7 пунктаў (3 матчы); 2. Люксембург – 6 (3); 3. Малдова – 4 (3); 4. Сан-Марына – 0 (3).

Што такое Ліга нацыяў

На сайце Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) гаворыцца, што гэта новае спаборніцтва, якое заменіць большую частку таварыскіх гульняў матчамі турнірнага значэння і дазволіць зборным гуляць з роўнымі ў моцы супернікамі.

Каманды разбітыя на чатыры дывізіёны ў адпаведнасці з рэйтынгам, кожны з якіх уключае чатыры або тры групы. Пераможцы чатырох групаў Лігі А ў чэрвені сустрэнуцца ў фінальнай стадыі, каб вызначыць найлепшага. Пераможцы астатніх групаў пойдуць на павышэнне. Да таго ж 16 пераможцаў групаў Лігі нацыяў згуляюць у стыкавых матчах за права выступу на «Еўра-2020».

То бок, калі Беларусь зойме першае месца ў групе, то трапіць у плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы па футболе, а тут ужо адзін крок да фінальнай стадыі кантынентальнага першынства.

Застанецца толькі па суме двух матчаў перамагчы свайго суперніка ў «стыках». Дагэтуль трапіць на фінальны турнір «Еўра» можна было толькі праз доўгую класічную кваліфікацыю, якая ніколі не давалася беларускім футбалістам.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Беларуская федэрацыя футболу

Стужка навінаў