Беларусь пратэрмінавала аплату пазыкі за газ


Нашая краіна дасюль не разлічылася з Расеяй за пастаўкі газу ў 2016 годзе. Дэдлайн быў прызначаны на 20 кастрычніка. Беларускі ўрад мусіў пералічыць «Газпрому» $ 281 млн.

Менск з пачатку года спрабаваў дабіцца зніжэння цаны на расейскі газ і замест $ 132 (кошт паводле кантракту) плаціў $ 73 («справядлівы кошт» паводле беларускага ўраду) за 1 тысячу кубаметраў.

11 кастрычніка міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык заявіў, што 281 мільён долараў недаплаты беларускага боку за пастаўлены расейскі газ ужо зарэзерваваны ў бюджэце і будзе пералічаны да 20 кастрычніка.

Аднак, як паведамляе «Еўрарадыё», пасля «дэдлайну» прайшло ўжо пяць дзён, а «Газпрам» грошай так і не атрымаў.

У расейскім газавым гіганце, а таксама ў Міністэрстве энергетыкі Расеі сітуацыю не каментуюць. У Міністэрстве фінансаў Беларусі журналістам параілі звярнуцца ў беларускае Мінэнерга.

Чытайце таксама >>> Беларусь купіла ў Азербайджану больш за 80 тысяч тонаў нафты. Цяпер яе адгружаюць у Адэсе

Прэс-сакратар Мінэнерга Жана Зянькевіч паведаміла, што навінаў наконт пагашэння пазыкі пакуль няма:

«Нічога пакуль не чуваць. Гэта значыць, пакуль не аплацілі».

У трэцім квартале 2016-га праз запазычанасць расейскі бок скараціў пастаўкі нафты з 5,3 млн тон да 3,5 млн. Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нафтагазавая спрэчка паміж Расеяй і Беларуссю ўрэгуляваная.



ДР belsat.eu паводле euroradio.fm

Стужка навінаў