Беларусь прапаноўвае Польшчы набываць энергію з БелАЭС


Заява прагучала на сустрэчы Андрэя Кабякова з польскім віцэ-прэмʼерам і міністрам развіцця і фінансаў Матэвушам Маравецкім.

Беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў прапанаваў намесніку старшыні польскага ўраду Матэвушу Маравецкаму супрацу ў пытаннях паставак электраэнергіі з будучай АЭС у Астраўцы ў краіны Еўразвязу.

«Беларусь плануе ў 2018 годзе ўвесці першы энергаблок атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Думаю, мы маглі б вельмі добра супрацоўнічаць у пытаннях пастаўкі электраэнергіі з Беларусі ў Еўрапейскі звяз, і польскі бок магла б скарыстацца гэтай электраэнергіяй або транзітаваць яе далей у Еўрапейскі звяз, – сказаў кіраўнік беларускага ўрада. – Гэта тэма актыўна ў свой час вывучалася, і, я думаю, яна мае перспектыву».

Кабякоў адзначыў, што супраца ў энергетыцы можа стаць «адным з перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння дзвюх краінаў».

Летась Беларусь і Польшча актывізавалі двухбаковы дыялог, сёлета новы імпульс атрымала міжведамасная супраца, перш за ўсё паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ўладамі памежных рэгіёнаў. У сакавіку Беларусь наведаў міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

Цяпер Менск разлічвае на сур’ёзны рух наперад ува ўзаемаадносінах з заходнімі суседзямі.

«Мы б хацелі, каб вынікам нашай працы стала знаходжанне новых кропак росту, якія спрыялі б павелічэнню нашага гандлёвага абароту», – цытуе прэм’ер-міністра «БелТА».

Раней на сустрэчы з Маравецкім «узняць планку» польска-беларускай гандлёва-эканамічнай супрацы прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння Матэвуш Маравецкі наведвае Беларусь з афіцыйным візітам. Апроч сустрэчаў на высокім узроўні ён бярэ ўдзел у адкрыцці ХХ беларуска-польскага эканамічнага форуму «Добрасуседства» і ўзначальвае польскую дэлегацыю на 4-м пасяджэнні сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічнай супрацы.

ДД

Стужка навінаў