Беларусь паставіць Азербайджану новую партыю вайсковай тэхнікі


Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў заявіў па выніках візіту ў Менск, што ў хуткім часе будзе падпісаны кантракт на пастаўка вайсковай тэхнікі з Беларусі.

«Адзін з напрамкаў нашай супрацы – гэта супраца ў ваенна-тэхнічнай сферы. Мы вельмі задаволеныя гэтай супрацай, і якасць прадукцыі самая высокая, і эфектыўнасць. Таму невыпадкова, што ваенна-тэхнічная супраца паміж нашымі краінамі мае ўжо добрую гісторыю, дастаткова вялікія аб’ёмы і добрую тэндэнцыю да пашырэння. І невыпадкова, што сёння сярод дакументаў быў падпісаны Мемарандум, які ў самы кароткі час будзе трансфармаваны ў кантракт для набыцця чарговай партыі вайсковай тэхнікі з Беларусі», – цытуе Аліева azertag.az.

Пра якую тэхніку ідзе гаворка – лідар Азербайджану не ўдакладніў. Мемарандум аб пастаўках узбраення сёння падпісаў міністр абароны Азербайджану Закір Гасанаў і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Раман Галоўчанка.

Аліеў таксама падзякаваў беларускім уладам за пазіцыю наконт канфлікту ў Нагорным Карабаху.

«У сумеснай заяве вельмі выразна расстаўленыя акцэнты і сказана, што гэты канфлікт павінен быць вырашана ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права, у рамках тэрытарыяльнай цэласнасці, непарушнасці межаў Азербайджана ў адпаведнасці з адпаведнымі рэзалюцыямі Рады Бяспекі ААН. Мы ўдзячныя Беларусі за такую ​​абʼектыўную пазіцыю па пытанні, які надзвычай важны і для нас, і для ўсяго рэгіёну», – дадаў ён.

  • Сёлета Беларусь прадала Азербайджану найноўшую рэактыўную сістэму залпавага агню «Паланез». Гэта выклікала вялікую незадаволенасць Арменіі – праціўніка Азербайджану ў канфлікце ў Нагорным Карабаху. Прытым што Арменія і Беларусь – саюзнікі ў межах АДКБ.
  • Ерэван таксама крытыкуе Менск яшчэ і за парушэнне этыкету: Аляксандр Лукашэнка перадаў Ільхаму Аліеву інфармацыю аб выбары новага генеральнага сакратара арганізацыі, паведаміў пра перамовы, якія адбываліся за зачыненымі дзвярыма.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў