Беларусь падумае, што рабіць з новымі Boeing 737 MAX


Пытанне пра тое, ці эксплуатаваць самалёты Boeing 737 MAX у Беларусі, вырашыцца пасля зняцця ўсіх пытанняў бяспекі мадэлі з боку Еўрапейскага агенцтва па бяспецы палётаў (EASA) і Федэральнай авіяцыйнай адміністрацыі ЗША (FAA).

Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі, піша БелТА. Ён удакладніў, што зараз паветраныя судны гэтай мадэлі ў Беларусі не эксплуатуюцца.

Дырэктывы лётнай прыдатнасці, выпушчаныя FAA і EASA, уведзеныя ў дзеянне і ў грамадзянскай авіяцыі Беларусі. Па словах Арцёма Сікорскага, Дэпартамент па авіяцыі падрыхтаваў запыты да Федэральнай авіяцыйнай адміністрацыі ЗША па пытаннях бяспекі самалётаў Boeing 737 МАХ.

Між тым, Еўрапейскае агенцтва па бяспецы палётаў 12 сакавіка прыпыніла палёты самалётаў Boeing 737 MAX, каб «забяспечыць бяспеку пасажыраў». Гэта звязана з крушэннем адпаведнага авіялайнера ў Эфіопіі.

Hавiны
Усё больш краін прыпыняюць палёты Boeing 737 MAX, якія чакаюць у Беларусі
2019.03.12 17:36

 

Аднак у Федэральнай авіяцыйнай адміністрацыі ЗША заявілі, што іх аналіз не выявіў ніякіх сістэмных праблем датычна Boeing 737 MAX, якія б сталі падставай для адмовы ад палётаў.

Як паведамляў Belsat.eu, у Беларусі самалёты Boeing 737 MAX не выкарыстоўваюцца, але 17 ліпеня 2018 года авіякампанія «Белавія» аб’явіла аб замове чатырох авіялайнераў гэтай мадэлі. Пастаўка новых самалётаў у Менск запланаваная на 2019-2020 гады. Першы авіялайнер чакаецца ў траўні.

За апошнія пяць месяцаў здарыліся ўжо дзве катастрофы з Boeing 737 MAX 8. Гэтак, 29 кастрычніка 2018 года ў Інданезіі ў выніку падзення самалёта загінулі 189 чалавек. А раніцаю 10 сакавіка 2019 года разбіўся Boeing 737 MAX «Эфіопскіх авіялініяў», на борце якога было 149 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў