Беларус, падазраваны ў шпіянажы, застанецца ў СІЗА Чарнігава да 16 лютага


Дзяснянскі раённы суд Чарнігава прыняў рашэнне працягнуць тэрмін утрымання пад вартаю беларуса Юрыя Палітыкі да 16 лютага 2018 года.

Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце Адзінага рэестру судовых рашэнняў.

Як вынікае з дакументу, следства папрасіла працягнуць арышт з прычыны таго, што не можа скласці абвінаваўчы акт – падазраваны прамаруджвае з азнаямленнем з матэрыяламі крымінальнай справы. Пры гэтым сам Палітыка і ягоны адвакат гэтаму запярэчылі.

Паводле следчага СБУ, Юры Палітыка наўмысна зацягвае з азнаямленнем са справаю.

Абаронца Палітыкі настойвае на тым, што следчыя дзеянні ўжо праведзеныя і падставаў трымаць падазраванага ў СІЗА няма. Аднак следства сцвярджае, што, перабываючы на свабодзе, той можа паспрабаваць «схавацца ад органаў дасудовага расследавання і незаконна ўплываць на сведкаў».

Акрамя таго, у хадайніцтве адзначаецца, што следства мае доказы датычнасці падазраванага да інкрымінаваных яму дзеянняў.

Такім чынам, суддзя Наталля Лямзіна задавольніла хадайніцтва і тэрмін арышту Палітыкі быў падоўжаны да 16 лютага.

Раней Дзяснянскі суд Чарнігава пастанавіў працягнуць утрыманне падазраванага ў СІЗА да 18 студзеня.

***

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка абвінавачваецца паводле арт. 114 КК Украіны (шпіянаж). Яго затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзеючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыка ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбаю аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары