Беларусь – Нямеччына: хто пераможа? Свае прагнозы робяць эканаміст, токар і IT-шнік


Сёння на «Барысаў-Арэне» адбудзецца матч Беларусь – Нямеччына. Гульня пройдзе ў межах кваліфікацыі на Еўра-2020. «Белсат» распытаў прадстаўнікоў розных прафесіяў, што яны думаюць наконт гэтай гульні і якія прагнозы робяць.

Андрэй Мамедаў, інжынер-будаўнік

Андрэй Мамедаў, інжынер-будаўнік

«Я лічу, што ў нашай зборнай няма шанцаў. Нам можа пашанцаваць, толькі калі немцы будуць зусім без матывацыі ды гуляць трэцім складам. У імёнах зборная Нямеччыны – адна з наймацнейшых камандаў, але апошнім часам іхныя вынікі даволі дрэнныя для іхнага ўзроўню. Пра гэта сведчаць апошнія два чэмпіянаты.

І ў цэлым у беларускага футболу няма будучыні. І не будзе, пакуль футбольныя школы будуць працаваць так, як цяпер працуе дзяржаўная машына, – дзеля паказнікаў на паперы. У Беларусі няма ні нармальных стадыёнаў, ні нармальных дзіцячых школаў. Няма і добрага фінансавання. У дзяржавы грошай няма, а спонсарам не цікава інвеставаць у каманды і лігу, якую мала хто глядзіць.Нам патрэбныя агульныя змены ў сістэме футболу і федэрацыі. Як прыклад можна ўзяць той жа нямецкі футбол».

Андрэй Падлубны, распрацоўнік праграмнага забеспячэння

Падлубны Андрэй, распрацоўшчык праграмнага забеспячэння

«Перамогуць немцы, хоць яны і не ў найлепшым стане, бо будуць гуляць без галоўнага трэнера, але гэта каманда-чэмпіён. Думаю, яны разнясуць беларусаў. У немцаў футбол падтрымліваецца на ўсіх узроўнях, нават на грамадзянскім. У Берліне, напрыклад, фанаты пабудавалі стадыён клубу «Union Berlin». У Беларусі і Нямеччыне велізарная розніца проста ў самім стаўленні да футболу».

Валерыя Чарнавец, ІП

Валерыя Чарнавец, індывідуальная прадпрымальніца

«Нямеччына будзе весці ў цэлым і дамінаваць у валоданні мячом. У немцаў вельмі развітая культура футболу, і гульня мае вялікае значэнне. Таксама мы ведаем, што вынікі Нямеччыны ў футболе заўсёды значныя. Нашым жа трэба вынесці максімум з гэтай сустрэчы: рабіць тое, што яны любяць і могуць рабіць, – проста гуляць у футбол».

Віталь Ціханенка, токар

Віталь Ціханенка, токар

«Пераможа Нямеччына, бо ў іх узровень вышэйшы: падрыхтоўкі і ў цэлым развіцця футболу ў краіне. Немцам ёсць сэнс перамагаць – ім больш грошай заплацяць. Я чакаю добрую, спакойную гульню і ўсё ж такі буду троху спадзявацца, што нашыя перамогуць».

Мікіта Навіцкі, эканаміст

Мікіта Навіцкі, эканаміст

«Натуральна, хочацца верыць у станоўчы вынік і падтрымліваць сваіх хлопцаў, але, хутчэй за ўсё, найлепшае, чаго можна дасягнуць беларусам, гэта згуляць у безгалявую нічыю, як аднойчы здарылася на старце адборачнага цыклу таксама ў Барысаве з французамі. Але, з вялікай доляй верагоднасці, можна прадказаць перамогу немцаў на 2–3 мячы, гэта аб’ектыўная розніца паміж нашымі зборнымі. 13-е і 81-е месцы рэйтынгу ФІФА, 3-разовы пераможца чэмпіянатаў Еўропы і каманда, якая толькі марыць упершыню туды патрапіць праз «гуманітарную» Лігу Нацыяў. Давід і Галіяф, і калі гэта не Біблія, пераможа менавіта Галіяф.Гульня пройдзе пад знакам тэрытарыяльнай перавагі гасцей. Самай грунтоўнай лініяй беларускай каманды можа быць паўабарона, ад іх дзеянняў будзе залежаць і надзейнасць абароны і эфектыўнасць контратак.Але, якімі б ні былі прагнозы, хочацца, каб на «Барысаў-Арэне» сабраўся аншлаг, і адбылося сапраўднае свята футболу!»

Вольга Юргель, спецыялістка Цэнтру дадатковай адукацыі:

Вольга Юргель, спецыяліст цэнтру дадатковай адукацыі

«Я думаю, што заўтра выгуляе Нямеччына. Усё ж такі ў складзе зборнай Нямеччыны гуляе вельмі шмат зорак сусветнага футболу, якія выступаюць у галоўных еўрапейскіх клубах. Тым больш пасля правалу на чэмпіянаце свету матывацыя ў нямецкіх гульцоў будзе зашкальваць. Але ў той жа час нашыя хлопцы без бою не здадуцца. Мяркую, што гульня заўтра будзе вельмі напружаная».

Пачатак гульні на стадыёне «Барысаў-Арэна» а 21: 45.

Вольга Васільева belsat.eu

Фота вокладкі: abff.by

Стужка навінаў