«Белнафтахім» працягвае кансультацыі з расейскімі кампаніямі пра кампенсацыю стратаў беларускага боку ад паступлення забруджанай нафты ў 2019 г. Пра гэта заявіў кіраўнік канцэрну Андрэй Рыбакоў.
«Неўрэгуляваным застаецца пытанне аб кампенсацыі беларускаму боку стратаў, атрыманых пры перапрацоўцы няякаснай расейскай нафты», – заявіў Рыбакоў у размове з «Вестником Белнефтехима».
Кіраўнік канцэрну адзначыў, што было «не проста», бо ў Беларусі апынулася каля 1,2 млн тон бруднай нафты.
Разам з тым, паводле яго, Беларусь змагла стаць «першай і адзінай краінай, якая змагла забяспечыць выцясненне са сваёй тэрыторыі забруджанай хлорарганічнымі злучэннямі нафты ў Расейскую Федэрацыю і замяшчэнне яе якаснай вуглевадароднай сыравінай».
Кіраўнік расейскай кампаніі «Транснефть» Мікалай Токараў заявіў, што пытанне кампенсацыі Беларусі за пастаўкі забруджанай нафты застаецца ў падвешаным стане. Паводле яго, кампанія чакае дакументальных пацверджанняў памеру шкоды.
Афіцыйны Менск заяўляе, што, кошт сапсаванага «бруднай нафтай» абсталявання на Мазырскім НПЗ складае каля $ 30 млн. Акрамя таго, Беларусь настойвала і на кампенсаванні недаатрыманай выручкі ад транзіту і ўласнага экспарту.
МГ belsat.eu