Беларусь набірае вагі. У Польшчы зоймуцца нашаю геапалітыкай


Паміж Усходам і Захадам – гэта пра Беларусь і не толькі ў геаграфічным кантэксце. У нашай суседцы Польшчы лічаць, што цягам года ў беларускай палітыцы і грамадстве адбыліся змены, якія павысілі значэнне Беларусі ў сусветнай геапалітыцы.

Фота «Белсат»

Больш прывязаны да ўсходняй суседкі афіцыйны Менск у эмацыйныя моманты заўжды кідаўся на Захад. Але ў апошні год пацісканне рук чальцам дэлегацыяў з заходніх краінаў зрабілася больш частым і зацікавіла палякаў.

У Польскім геапалітычным таварыстве паўстала Беларуская камісія. Навуковая арганізацыя будзе вывучаць унутраную, знешнюю ды абарончую палітыку нашай краіны, паспрабуюць разабрацца ў палітычнай сістэме, з яе адміністратыўным кіраваннем. Таварыства хоча навязаць кантакты з беларускімі дзеячамі ў Польшчы, пасябраваць з беларускімі патрыятычнымі арганізацыямі ў Беларусі і тымі палякамі, якія жывуць у нашай краіне.

Фота з архіву Аляксандра Казака

«У сучасным свеце неймаверны аб’ём інфармацыі. Яе трэба ўладкоўваць, арганізоўваць, гэтым трэба займацца. Займацца не таму, што табе далі такое заданне, а таму што ў цябе да гэтага душа ляжыць», – кажа адзін з чальцоў Беларускай камісіі, студэнт інстытуту паліталогіі Гданьскага Універсітэта з аддзялення навук аб бяспецы Аляксандр Казак. – Напрыклад, у адной з камісіяў ёсць адмысловец па Афрыцы, ён захапляецца Афрыкаю на ўзроўні больш чым хобі! Менавіта такія людзі працуюць у таварыстве – не па ўказцы, а згодна з зацікаўленасцямі. І ад гэтага больш станоўчы, на маю думку, больш аб’ектыўны вынік, які можна здабыць».

Шэфам Беларускай камісіі стаў польскі гісторык, доктар Гжэгаж Базюр, які выкладае ў Малапольскай Дзяржаўнай Вучэльні імя ратмістра Вітальда Пілецкага ў Асвенціме. Паводле навукоўца, Беларусь мае для Польшчы асаблівае значэнне:

«Як вядома, Беларусь геапалітычна ляжыць паміж Польшчай на Захадзе і Расеяй на Усходзе. Цяпер ідзе гаворка пра захаванне беларускай дзяржавы, якому, на маю думку, пагражае Расея. Не кажам нават пра вайсковы аспект, бо вядома, што расейцы без праблемы могуць расправіцца з беларускім войскам. Як чалавек дасведчаны ў геапалітычных працэсах, бачу, што Расея магла б выкарыстаць тэрыторыю Беларусі дзеля магчымых гібрыдных дзеянняў супраць Польшчы i NATO».

Гжэгаж Базюр. Фота з ягонага архіву

Як вынікае з паведамлення на старонцы Польскага геапалітычнага таварыства, з усіх суседзяў Польшчы менавіта для Беларусі першай стварылі асобную камісію.

«На маю думку, Беларусь набывае большае значэнне на міжнароднай арэне. Пра гэта сведчыць аднаўленне стасункаў у Еўропаю і Злучанымі Штатамі. Таму ў пэўнай ступені, з’яўленне такой камісіі і большая ўвага да беларускага напрамку – неабходныя для развіцця адносінаў Беларусь-Захад», – лічыць Аляксандр Казак.

Апроч знешнепалітычнага аспекту, Беларуская камісія збіраецца больш шчыльна вывучаць працэсы ўнутры Беларусі. Гэта і парушэнні палітычных, грамадзянскіх, працоўных і іншых правоў чалавека, гэта адсутнасць самакіравання і безумоўна – магчымасці для ўмацавання беларускай нацыянальнай свядомасці.

Акцыя 7 снежня ў Менску. Фота Viktor Drachev / TASS / Forum

Беларускія ўлады хваляцца, што пасля анексіі Крамлём Крыму і пачатку расейскай гібрыднай вайны ва Украіне беларусізацыя праходзіць з іхнаю дапамогай, але гэта ня так, – зазначае доктар Гжэгаж Базюр:

«Ёсць частка грамадства, якую складае апазіцыя і людзі, якія ўсведамляюць расейскую небяспеку. Гэтае асяроддзе падзеленае паміж сабой, тым не менш, грамадства пачало ціснуць і настойваюць на тым, каб Беларусь заставалася Беларуссю. Я гэта асабліва заўважыў, калі быў летась на мерапрыемствах з нагоды 80-ай гадавіны абароны Горадні ад Чырвонай Арміі».

Гаворачы пра супрацу з беларускімі арганізацыямі, Гжэгаж Базюр асаблівым чынам адзначыў гарцэрства. У найбліжэйшыя тыдні ніякія навуковыя канферэнцыі немагчымыя праз сітуацыю з пандэміяй. Таму актыўнасць Беларускай камісіі пакуль будзе заключацца ў даследаванні медыяў і напісанні навуковых артыкулаў.

ВІДЭА
Коласаўскаму ліцэю – 29. Блогер NEXTA ды іншыя выпускнікі – пра сваю альма-матар
2019.01.14 17:42

«Зараз паўстае праца пра Беларускі гуманітарны Ліцэй імя Якуба Коласа. Ён зʼяўляецца адметным. Яго можна назваць феноменам у адукацыі Беларусі, але ў Польшчы пра гэта ведаюць нямногія. Ліцэю трэба надаць увагу нават таму, што амаль 17 гадоў установа працуе падпольна», – падсумоўвае Аляксандр Казак.

Вітаўт Сіўчык Belsat.eu

Стужка навінаў