Беларусь на страйку. Людзі масава пішуць заявы на адпачынак і выходзяць на вуліцы

У Беларусі працягваецца пратэставая актыўнасць на прадпрыемствах. Усё новыя заводы і фабрыкі далучаюцца да забастовак і акцыяў салідарнасці, а некаторыя шукаюць іншыя формы супраціву.

У Салігорску на «Беларуськаліі» забастоўка працягваецца, паведаміў belsat.eu прафсаюзны актывіст Аляксандр Даноўскі.

«Я б сказаў нават абароты [забастоўкі. – Рэд. Belsat.eu] не зніжаюцца. Людзі настроеныя рашуча ў сваіх патрабаваннях. Пакуль падключаюцца новыя і новыя», – распавёў ён пра сітуацыю на другім рудаўпраўленні работнік. Паводле яго, такое ж становішча і на іншых рудніках.

Мітынг у Горадні. 17 жніўня 2020 г. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«На другім рудаўпраўленні значная колькасць забойшчыкаў не спусцілася ў шахты. Ёсць тыя, хто працягваюць працаваць, але большая частка не апусцілася ў шахту, на працу не пайшла. Знаходзяцца зараз на тэрыторыі прадпрыемства. Працуе забастовачны камітэт, абраны на працоўных сходах. Усё ідзе, як звычайны падчас страйку», – дадаў суразмоўца.

МТЗ сыходзіць за свой кошт

На Менскім трактарным заводзе людзі «масава пішуць заявы на адміністратыўныя адпачынкі («за свой кошт»), каб пазбегнуць прагулаў і ідуць баставаць», паведаміў прадстаўнік стачкаму МТЗ Сяргей Дзілеўскі. Пасля 15:00 працоўныя плануюць пайсці маршам на плошчу Незалежнасці.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г. Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«ГорадняАзот» цалкам сыходзіць на страйк не плануе, паведаміў працоўны Юры Рававы, бо гэта поўнае спыненне вытворчасці ўгнаенняў можа нанесці вялікую шкоду ўраджаю ў 2021 годзе. Таму на паседжанні стачкаму плануецца зацвердзіць рашэнне, якое б дазваляла «адрубаць усялякія пералічэнні ў рэспубліканскі бюджэт, не прадаваць сульфат амонію аднаму вельмі цікаваму прадпрыемству «Белаграферт», якое афіляванае з Шэйманам».

Страйк на МЗКЦ. За сценамі завода сабраліся работнікі іншых заводаў і проста людзі з плакатамі і патрабаваннямі пакінуць Лукашэнку сваю пасаду. 17 жніўня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Таксама будзе разглядацца магчымасць зніжэння нагрузкі асноўных цэхаў, каб не прадаваць на экспарт і неяк фінансава адрубаць спачатку. Бо калі мы спынім вытворчасць мінеральных угнаенняў, то гэта можа паўплываць на ўраджай наступнага году і агулам на бяспецы нашай краіны», – адзначыў Юры Рававы.

Адзначым, што ў Горадні створаны гарадскі стачкам, у які ўвайшлі прадстаўнікі больш як 20 прадпрыемстваў.

Выходзяць з БРСМ і «Белай Русі»

На менскім «Кераміне», паводле крыніц «Белсату», пакуль ідзе збор подпісаў за абвяшчэнне забастоўкі, але пытанне ўпіраецца ў тое, што, спыніўшы асноўную лінію, пасля яе будзе вельмі цяжка запусціць. Вырашана спыніць лінію толькі тады, калі атрымаецца сабраць 50 % працаўнікоў за абвяшчэнне забастоўкі.

«А так стандартныя патрабаванні будзем высоўваць. Будзем пісаць у органы звароты з подпісамі працоўнага калектыву. Ужо складаюць. З прафсаюзу [афіцыйнага. – Рэд. Belsat.eu] таксама выходзяць, з «Белай Русі», БРСМ», – паведаміла крыніца на прадпрыемстве.

Страйк на МЗКЦ. Прыехала Марыя Калеснікава. 17 жніўня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У Жодзіне на «БелАЗе» таксама забастоўка пакуль не пачалася. Зараз на прадпрыемстве, як паведамляюць нашыя крыніцы, працягваецца складанне дакументаў для афіцыйнага пачатку страйку.

Паведамленні пра забастоўкі і пратэставую актыўнасць прыходзяць і на іншых прадпрыемствах. Сярод іх – Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчы заводы, Жабінкаўскі і Гарадзейскі цукровыя камбінаты, аддзяленні «Белпошты» ды іншыя ўстановы. Адмысловая мапа забастовак у Беларусі дасяжная па спасылцы.

Страйк на МЗКЦ. 17 жніўня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Нацыянальны страйкавы камітэт

Між тым Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў заклікаў паралельна са стварэннем стачачных камітэтаў на прадпрыемствах як мага хутчэй, у бліжэйшыя 2-3 дні, стварыць Нацыянальны страйкавы камітэт (НСК).

«І ад яго імя ўступіць у прамы дыялог з уладнымі структурамі пра транзіт улады ў краіне. Сітуацыя знаходзіцца ў крытычным пункце, уладныя структуры паралізаваныя і не могуць прымаць рашэнняў, прэзідэнт Лукашэнка ні ў якім разе не жадае прызнаваць, што народ канчаткова і беспаваротна адмовіў яму ў даверы і патрабуе неадкладнага сыходу», – гаворыцца ў заяве БКДП.

Паводле Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, марудзіць у гэтым пытанні нельга.

МГ belsat.eu

Hавiны