Беларусь можа купіць у Расеі ракетныя комплексы «Іскандэр»


Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка. Новае ўзбраенне з палепшанымі характарыстыкамі будзе выкарыстоўвацца для абароны паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы, распавёў ён rbc.ru.

Цяпер у нашай краіне асноўным зенітна-ракетным комплексам застаецца сістэма С-300. У будучыні Беларусь таксама можа набыць зенітныя комплексы С-400.

Аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр» паступіў на ўзбраенне расейскай арміі ў 2006 годзе. Ён здольны паражаць цэлі на адлегласці да 500 кіламетраў, абыходзячы пры гэтым сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. Пры гэтым ракеты комплексу могуць аснашчацца як неядравай, так і ядравай часткай. У чэрвені 2016 года гендырэктар дзяржкарпарацыі «Ростех» Сяргей Чэмезаў у інтэрвʼю «Коммерсанту» заявіў, што «Іскандэр» «знаходзіцца ў спісе прадукцыі, забароненай да экспарту», і Расея не мае намеру перадаваць комплекс іншым краінам.

У траўні камандуючы ВПС і СПА Беларусі генерал-маёр Алег Дзвігалёў заявіў, што Беларусь мае намер закупіць у Расеі 12 знішчальнікаў Су-30СМ за $ 600 млн.

«Гэта не нашае жаданне, гэта Расея нам вырашыла гэта прадаць і не проста так. Гэта адказ краінам NATO», – каментаваў сітуацыю вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Адкуль Беларусь возьме 600 мільёнаў долараў на набыццё 12-ці самалётаў няясна. У бюджэце на 2017 год сродкаў на гэта не закладзена.

паводле rbc.ru

Стужка навінаў