Беларусь можа экстрадаваць таджыцкага футбаліста, якога на радзіме чакаюць катаванні


Парвіза Турсунава могуць чакаць катаванні ў выпадку экстрадыцыі на радзіму, лічуць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Human Rights Watch і Хельсінкскі камітэт. У арганізацыях звяртаюць увагу на тое, што Беларусь не абавязаная экстрадаваць або дэпартаваць футбаліста.

Парвіза Турсунава затрымалі 18 верасня ў менскім аэрапорце, калі спартовец разам з сям’ёй накіроўваўся ў Еўропу транзітам праз Беларусь.

19 верасня намеснік транспартнага пракурора Менску пастанавіў заключыць Турсунава пад варту з мэтай выдачы Таджыкістану.

Цяпер Турсунаў знаходзіцца ў менскім следчым ізалятары № 1.

Парвіз Турсунаў. Фота – Radio Ozodi

43-гадовы футбаліст гуляў раней за футбольны клуб «Хайр» вышэйшага дывізіёна Таджыкістану. Па рэлігійных перакананнях ён насіў доўгую бараду, што не задавальняла кіраўніцтва каманды. У 2011 годзе яго паставілі перад выбарам – футбол або барада, і ён абраў бараду.

«Футбол – гэта мірское, а мы павінны думаць пра вечнае», – заяўляў Турсунаў.

Больш яго да гульняў за клуб не дапусцілі.

Пасля гэтых падзеяў ён разам з сям’ёй пераехаў у Дубай, але з-за праблем з прадаўжэннем рэгістрацыі вымушаны быў зʼехаць у Турцыю, дзе прабыў тры месяцы. Там таксама не змог атрымаць рэгістрацыю. Тады мужчына вырашыў перабрацца ў Польшчу або Нямеччыну.

«Раней яго паставілі перад фактам: будзеш гуляць без барады або не будзеш гуляць увогуле. Калі ўлічыць, што гульня мірская справа, ён вырашыў, што калі па-чалавечаму патлумачылі, ён зразумеў. А калі настойваюць, як ты мусіш хадзіць, што насіць – гэта, хіба, яго зачапіла. Пасля ён пакінуў лігу, хіба, супраць яго адкрылі справу. Яму давялося пакінуць краіну, некалькі гадоў ён знаходзіўся ў Дубаі. З-за справаў, звязаных з дакументамі, пакінуў Дубаі, паехаў у Турцыю. Там таксама не ўдалося аформіць дакументы, таму што паводле новых законаў у Турцыі, патрэбная нейкая даведка з амбасады. А калі ён знаходзіцца ў вышуку, то такую даведку яму не дадуць. Парвіз быў у такім тупіку, адзіны шлях заставаўся – трапіць у Еўропу праз Беларусь», – распавёў журналіст і праваабаронца Мухамаджон Кабіраў у эфіры «Белсату».

Паводле Кабірава, Парвіз – «звычайны мусульманін, праблема якога толькі ў тым, што ён вырашыў насіць бараду».

У той жа час МУС Таджыкістану заявіў, што ніякага распараджэння з боку кіраўніцтва міністэрства адносна бародаў спартоўцаў няма, а тыя праваахоўнікі, якія аказваюць ціск на барадатых грамадзянаў у выпадку іх ідэнтыфікацыі панясуць пакаранне, падае Tut.by.

ДД

Стужка навінаў