Беларусь купіла ў Азербайджану больш за 80 тысяч тонаў нафты. Цяпер яе адгружаюць у Адэсе


Танкер з 84,7 тонамі «нерасейскага чорнага золата» прыбыў ва Украіну з грузінскай порту Супса яшчэ 19 кастрычніка. Пасля адкаткі ў берагавыя ёмістасці адной з адэскіх нафтабазаў нафту павязуць чыгуначнымі цыстэрнамі на Мазырскі НПЗ.

У прэс-службе «Белнафтахіму» адзначылі, што «Беларусь прапрацоўвае розныя варыянты паставак нафты ў сувязі з недагружанасцю беларускіх НПЗ расейскай сыравінай». У трэцім квартале 2016 года праз запазычанасць расейскі бок скараціў пастаўкі нафты з 5,3 млн тон да 3,5 млн.

Чытайце таксама >>>

У гэтым выпадку пастаўка «чужой» нафты можа быць звязаная з нядаўнім нафтагазавым канфліктам паміж Расеяй і Беларуссю. Менск з пачатку года спрабаваў дабіцца зніжэння цаны на расейскі газ з $ 132 да $ 73 за 1 тысячу кубаметраў. Паводле расейскага боку, сума недаплаты за пастаўлены ў Беларусь газ складала $ 281 млн.

Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што спрэчка паміж Расеяй і Беларуссю ўрэгуляваная. Менск адмяніў рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транзіт расейскай нафты, а Расея паабяцала аднавіць абʼёмы паставак паліва беларускаму боку.


Беларусь выкарыстоўвае Адэскі порт для транзіту «альтэрнатыўнай» нафты не ўпершыню. У перыяд 2010-2011 гадоў праз нафтагавані порта адгрузілі 1 млн 455,1 тысячы тон нафты венесуэльскага і азербайджанскага паходжання, у тым ліку 156,3 тысячы тон азербайджанскай нафты па схеме своп шляхам замяшчэння венесуэльскай нафты па кантрактах паміж Беларускай нафтавай кампаніяй, азербайджанскай SOCAR і венесуэльскай PDVSA.


7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вядзе перамовы аб пастаўках таннай нафты з Ірану, «які проста мітусіцца ў пошуках, куды паставіць нафту і гатовы нам зніжаць цану».

20 кастрычніка «Расейская чыгунка» ўвяла 25 % зніжку на транзітныя перавозкі са станцый нафтапрадуктаў Барбароў і Наваполацк у напрамку партоў на паўночным захадзе Расеі. Эксперты кажуць, што пастаўляць беларускія грузы праз расейскія парты – немэтазгодна.

ДР belsat.eu паводле port.odessa.ua, tut.by

Стужка навінаў