Беларусь крытыкуюць у ААН. Ірландыя заступаецца за беларускую мову, Бельгія – гаворыць пра правы чалавека


Адбылося паседжанне Універсальнага перыядычнага агляду – найбольшага сусветнага маніторынгавага механізму правоў і свабодаў асобы. Упершыню з 2010 года ў цэнтры ўвагі – Беларусь.

Галоўнымі праблемамі краіны ў сферы абароны правоў чалавека сёлета сталі палітычныя вязні, смяротнае пакаранне, катаванні, сумнавядомы артыкул 193-1, адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і свабоды слова.

Улады Беларусі запрасілі да кансультацый толькі зарэгістраваных і праўладных НДА. Астатнім арганізацыям, такім, як праваабарончы цэнтр «Вясна», зарэгістравацца перашкодзіла афіцыйная дэлегацыя. Нягледзячы на гэта, у Раду правоў чалавека накіравалі альтэрнатыўную справаздачу, складзеную адзінаццаццю няўрадавымі арганізацыямі.

Афіцыйная справаздача беларускай дэлегацыі была напоўненыя аптымізмам: значныя дасягненні ў пытаннях сацыяльнага міру і адукацыі, гендарнай роўнасці ды гвалту ў сям’і.

Абмеркаванне нашай краіны пачалося станоўча – маем адзін з самых нізкіх узроўняў дзіцячай смяротнасці ў свеце. На паседжанні чулася ўхваленне прынятых Беларуссю захадаў у барацьбе з гандлем людзьмі.

Аднак, амаль імгненна, дыскусія перанеслася ў плоскасць крытыкі. Сярод традыцыйна заклапочаных суседзяў на еўрапейскім кантыненце ў дыскусію аб абароне правоў чалавека ў Беларусі нечакана ўключыліся Бразілія ды Перу. Больш за сто краінаў агулам далі рэкамендацыі Беларусі ў пытаннях паляпшэння грамадзянскіх правоў і свабодаў. Прадстаўнік Ірландыі заклікаў пашыраць беларускую мову і забяспечыць ёй належныя магчымасці для выкарыстання.

Прагучалі галасы за далучэнне Беларусі да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда, канвенцыі супраць катаванняў і стварэння інстытуту омбудсмана. Чальцы ААН выказалі жаданне ўбачыць спрашчэнне рэгістрацыі палітычных партыяў і правядзення масавых сходаў.

Даходзіла да спрэчак. Бельгія заклікала ўлады супрацоўнічаць з адмысловым спавяшчальнікам аб Беларусі ў пытаннях стану правоў чалавека. Аднак прадстаўнік Беларусі пры ААН Міхаіл Хвастоў заявіў: «Наяўнасць адмысловага спавяшчальніка аб Беларусі сёння неадэкватная рэальнасці». «Выбары пройдуць спакойна», – пераконваў прысутных Хвастоў на сесіі.

Нечаканасцю стала крытыка з боку Расеі. Усходняя суседка параіла ўладам Беларусі абараняць сямейныя каштоўнасці ды больш актыўна ўзмацняць супрацу з грамадзянскаю супольнасцю.

Сённяшняя сесія стала дваццаць другою з ліку. Пачынаючы з 2006 года мерапрыемства адбываецца тры разы на год. Галоўны арганізатар – Рада правоў чалавека ААН.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў