Беларусь – каралеўства пасіўнай агрэсіі, альбо Некалькі словаў пра дзяцей у самалёце


Давайце замкнем у хаце людзей, якія не маюць вышэйшай адукацыі. Мужчынаў, што патыхаюць кіслым півам. Крыклівых жанчын з непрыгожымі прычоскамі. Недастаткова прыгожых. Залішне бедных. Тоўстых. Старых. Нічога асабістага, проста дарослыя прыгожыя людзі, якія чытаюць Міларада Павіча і ўвечары глядзяць фільмы Ўонга Кар-Ўая, не мусяць сутыкацца пасля сваёй патрэбнай, інтэлектуальнай, прэстыжнай працы вось з гэтымі.

Абноўлена
Партал пра авіяцыю раіць бацькам не браць дзяцей у самалёт, бо моцна перашкаджаюць
2019.12.02 20:13

Думаю, прыкладна такой логікай карыстаўся невядомы аўтар парталу грамадзянскай авіяцыі ў Twitter, калі параіў бацькам не браць з сабою ў самалёт дзяцей, пакуль яны не гатовыя да пералётаў. Маўляў, яны самі нічога не запомняць, а іншым яны будуць перашкаджаць сваймі крыкамі. Цікава, што намінальна ніякай інфармацыйнай нагоды для гэтага паведамлення няма. Ніводны пасажыр не пацярпеў з-за крыкаў дзіцяці, ні водны самалёт не скончыў заўчасна свой рэйс, разбураны дзікімі тодлерамі. Проста гэта нечаканая парада, якая патрапляе ў самае яблычка ўсеагульнай нянавісці ўсіх да ўсіх. Проста глыточак газы для полымя ўзаемных абразаў. Можна задаволена скакаць вакол вогнішча і не думаць, па якіх прыкметах аўтар тўіта вырашае, што дзіця саспела да палёту (гэта ж не птушка, крылы не вырастуць), і якая справа іншым да таго, што запомніць чужое дзіця.

Фота: pixabay.com

Калі чытаеш такія нярэдкія воплескі, адчуваеш бездапаможную разгубленасць: божанькі, ну колькі можна? Зноў нехта знайшоў машыну часу і са свайго 1950-га дасылае гарачыя радкі ў Twitter? Людзі, Сталін памёр, Саюз распаўся, на двары Ілан Маск, нейрасеткі, штучны інтэлект. Сёння стаўленне да дзяцей змянілася. Нашчадкаў больш не пачынаюць цаніць з таго часу, як яны дасягнуць сталасці. Калі не трэба ўжо баяцца, што і гэтага забярэ ці хвароба, ці голад, ці вайна. Дзеці сталі часткай свету дарослых.

Фота: pixabay.com

Пры гэтым, ніводная тэма не збірае столькі «адабрямсаў», як заклікі ачысціць свет дарослых ад дзяцей. Але мала хто заўважае шызафрэнічны падтэкст гэтых патрабаванняў. Бо атакуюць не малых. Усе ўедлівыя каментары, вострыя позіркі, злыя тўіты дастаюцца дарослым – бацькам. Гэта яны пранеслі кантрабандныя дэцыбелы ў мякенькіх немаўлячых складачках, употай выпусцілі на волю вервольфа-тодлера. Нібыта назло. Але, камон, не існуе ніякага назло! Ніхто не бярэ з сабой дзяцей у самалёт, каб сапсаваць вам настрой. Грамадскі транспарт існуе толькі і выключна для таго, каб дастаўляць пасажыраў і грузы з пукнту А ў пункт Б.

Фота: pixabay.com

Не хочацца дзейнічаць метадамі спадарства з парталу грамадзянскай авіяцыі і даваць парады, аб якіх ніхто не прасіў. Бо яны бесяць дарослых куды больш, чым усе самалётныя дзеці разам узятыя. Мала хто заўважае пастку, якія мы самі дарослыя будуем для сябе. Ніводны перавозчык не кажа бацькам: «з дзецьмі на борт нельга» ці нават «забараняем дзецям вось гэта вось усё». Толькі адна азіяцкая авіякампанія спрабавала забараніць перавозіць дзяцей у бізнес-класе. Але ніхто не імкнецца пераймаць яе вопыт. Як думаеце, чаму? Прынамсі, гэта больш-менш шчыра – прызнацца, што паслугі аказваюць толькі пэўным грамадзянам. А не шэйміць пасажыраў, якія як і ты набылі квіток, стоадсоткава сабралі мільён цацак, забавак, кніжак і мультфільмаў, каб не выклікаць яснавяльможнай незадаволенасці. Якая ўсё роўна з’явіцца. Бо больш за ўсё нас раздражняе ў іншых тое, што мы не можам пераварыць у сябе. І хоць мы і выраслі ў свеце, дзе тым, каму да 18 лепш не адсвечваць і не адкрываць рот, неабавязкова працягваць гэты ланцуг незадаволенасці. Без гіраў на нагах неяк прасцей лётаецца, не?

Марыя Малевіч, рэжысёрка праграмы «Размова», матуля 5-гадовай дачкі

Фота: pixabay.com
Стужка навінаў