Беларусь і Турцыя хочуць супольна выпускаць камбайны


Пра супольны выпуск двума краінамі камбайнаў ды аўтаў заявіў Уладзімір Макей пасля сустрэчы Лукашэнкі і Эрдагана.

Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган сустрэліся 15 мая ў Кітаі на форуме «Адзін пояс – адзін шлях».

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што нягледзячы на ​​пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў свеце, таваразварот Беларусі і Турцыі расце.

«Пакуль мы не дасягнулі той планкі, якая была пастаўлена прэзідэнтамі ($ 1 млрд), але мы рухаемся да гэтай мэты. Летась, напрыклад, было $ 814 млн, сёлета – рост на 36 %», –заявіў міністр.

Беларусь і Турцыя, паводле Макея, маюць намер актывізаваць працу па стварэнні супольных вытворчасцяў па зборцы камбайнаў і аўтамабільнай тэхнікі. Макей дадаў, што кіраўнікі дзяржаваў таксама «грунтоўна разгледзелі развіццё сітуацыі ў рэгіёне ў сферы бяспекі».

«Прэзідэнты дамовіліся, што ў бліжэйшы час будзе праведзена пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, якое адкладвалася ў сувязі з унутранай сітуацыяй у Турцыі на досыць працяглы тэрмін, – цытуе Макея «БЕЛТА». – У бліжэйшыя, думаю, паўтара-два месяцы мы правядзем гэтае пасяджэнне і абмяркуем канкрэтны план нашых дзеянняў на перспектыву. Прэзідэнт Эрдаган даў адпаведныя даручэнні наконт гэтага».

Паводле Макея, дзякуючы асабістым адносінам кіраўнікоў дзяржаваў супраца паміж Беларуссю і Турцыяй – на ўздыме.

ДД

Стужка навінаў