Беларусь і Кыргызстан. Дзе рэвалюцыя?

Адзін дзень спатрэбіўся апазіцыі ў Кыргызстане, каб заняць будынак парламенту і мясцовы Белы дом пасля абвяшчэння вынікаў парламенцкіх выбараў. Вось бы беларусам павучыцца, кажуць некаторыя каментатары. Праўда, яшчэ зусім не развязанае пытанне: ці перамагла кіргізская рэвалюцыя ды наагул – ці рэвалюцыя гэта?

Кыргызстан перажывае ўжо трэцюю гвалтоўную змену ўлады за апошнія пятнаццаць гадоў. Калі той жа Лукашэнка паляцеў да Пуціна падчас пратэстаў, прэзідэнт Кыргызстану Саранбай Джээнбекаў завітаў да расейскага лідара за тыдзень да парламенцкіх выбараў. Пуціну давялося выслухаць усё тую ж старую гісторыю

Сааранбай Джээнбекаў, прэзідэнт Кыргызстану:

«Напярэдадні парламенцкіх выбараў актывізаваліся самыя розныя сілы, якія супраць стабільнасці і развіцця нашай краіны. Таксама яны намагаюцца ўбіць клін у нашыя адносіны, у стратэгічнае партнёрства».

Расейскі лідар усё гэта выслухаў, паабяцаў падтрымку. Але калі пратэстоўцы занялі Белы дом і будынак парламенту, Крэмль абмежаваўся заклікам да бакоў канфлікту спыніць агонь. І тут яшчэ адно адрозненне кіргізскага лідара ад Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў панядзелак ён заявіў.

«Я загадаў праваахоўным органам не адкрываць агню, там не дайшло да кровапраліцця, ні адзін грамадзянін не пацярпеў. Пакуль што мы робім усё, каб не пагаршаць сітуацыі».

Праўда, на момант рыхтавання матэрыялу – загінула адна асоба, сотні былі параненыя, але асноўныя сутыкненні спыніліся яшчэ ў панядзелак… у сталіцы. А ў рэгіёнах пачаўся сапраўдны падзел улады і маёмасці.

З поўдня на поўнач – і наадварот. Як адбываліся рэвалюцыі ў Кыргызстане

Каментуе Марс Сарыеў, адмыслоўца Інстытуту грамадскае палітыкі ў Бішкеку:

«У рэгіёнах зносяць прадстаўнікоў джээнбекаўскай улады, і мясцовыя кланы з дапамогаю арганізаваных злачынных груповак ставяць сваіх людзей. Адбываецца захоп вугальных разрэзаў, захоп залатых прыіскаў, якія распрацоўваліся з расейскімі ды кітайскімі кампаніямі».

Калі вельмі схематычна – існуе каля дзевяці асноўных кланаў у гэтай краіне. Вельмі ўмоўна іх можна падзяліць на паўднёвыя – больш традыцыяналісцкія, і паўночныя – больш свецкія. Прэзідэнт Джээнбекаў хоць фармальна не мае ўласнае партыі, карыстаецца падтрымкаю свайго брата Асілбека, што ўзначальвае мясцовых сацыял-дэмакратаў. Уласна яны і яшчэ тры даволі лаяльныя да Джээнбекава партыі паводле афіцыйных вынікаў атрымалі прыкладна па 24 % галасоў кожная. Апазіцыя на чале з кланам Матраімавых, што ўзначальваюць партыю «Мекенім», і стала рухавіком пратэстаў. Парадаксальна, але нават умоўна праўладныя партыі не задаволеныя лічбамі, што абвесціла ЦВК.

Гаворыць Крыстафер Шварц, карэспандэнт «OpenDemocracy» ў Кыргызстане:

«На гэты момант паўночныя і паўднёвыя кланы аб’ядналіся ў сваёй злосці супраць відавочнай карупцыі, што адбываецца ў дадзенай сітуацыі. Гэта не азначае, што яны застануцца абʼяднаныя, проста ў гэты момант іхныя мэты супадаюць».

Не вядома, дзе прэзідэнт Джээнбекаў, які толькі працягвае заклікаць да залагоджвання сітуацыі. ЦВК прызнала агучаныя вынікі выбараў несапраўднымі. У краіне існуе адразу дзве каардынацыйныя рады, прыхільнікі якой у сераду распачалі сутыкненні ў цэнтры Бішкеку. Цяпер, калі мы ў агульных рысах разумеем – што адбываецца ў краіне, варта задацца пытаннем: ці рэвалюцыя гэта наагул?

Каментуе палітолаг Вольга Харламава:

«Гэта ўсё ж такі бліжэй да перавароту, гэта проста змена аднаго клану другім. Пытанне не ў моцнай ці слабой уладзе. Пытанне ў тым, што адзін клан не ў стане змясціць два іншыя кланы, і каб змясціць умоўны адзін – іншыя абʼядноўваюцца».

Упершыню ўлада ў краіне змянілася 15 гадоў таму. Аскар Акаеў кіраваў Кыргызстанам з 90 года. Яго замяніў Курманбек Бакіеў. У 2010-м, пасля некалькі тыдняў супрацьстаяння, зрынуты прэзідэнт знайшоў прытулак у Менску.

Тады ён заяўляў:

«Банда самазванцаў абвесціла сябе ўладаю і творыць беззаконне. Рабуе і забівае людзей».

У Кыргызстане ні адзін з пераваротаў рэвалюцыяй не лічаць.

Марс Сарыеў:

«Гэта была барацьба алігархічных групаў Поўначы і Поўдня, і краіна толькі губляе на гэтым. Адзінае што свабода слова ёсць. Вось рэвалюцыя 10 года – мы прынялі парламенцкую рэспубліку замест прэзідэнцкай, але фактычна ў нас атрымалася прэзідэнцка-парламенцкая. Усё вырашаў прэзідэнт і ўвесь час ішоў перакос у кадравай, кланавай палітыцы».

Гэтак і з любымі іншымі рэвалюцыямі на постсавецкай прасторы. Параўноўваць іх з Беларуссю – справа няўдзячная ды маніпулятыўная, пагаджаюцца эксперты. І ў Грузіі, і ва Украіне, і, як мы ўжо ведаем, у Кыргызстане – было каму ўзяць уладу. У нас жа…

Кыргызстан: у крузе рэвалюцый

Каментуе Ігар Тышкевіч, эксперт украінскага Інстытуту будучыні:

«Няма субʼекту, які б сказаў: маўляў, я бяру адказнасць за тое, што адбываецца на вуліцах. Вось акурат пытанне не ў дэцэнтралізацыі, а ў тым, што ў беларускім фармаце ніхто не хоча браць на сябе адказнасці за тое, што адбываецца. Перамоўная група самая па сабе, людзі – самыя па сабе. У такім фармаце імавернасць перамогі без зʼяўлення субʼекту вельмі-вельмі малая».

Таму ўлады Беларусі і не пойдуць на перамовы ні з Ціханоўскай, ні з Каардынацыйнай радай, каб не ствараць другога субʼекту ў палітыцы. Цяпер такі статус сама сабе выпрацоўвае Святлана Ціханоўская. А радыкалізацыя пратэсту, да чаго заклікаюць і што раяць некаторыя назіральнікі, у беларускіх умовах можа прывесці да нечаканага выніку.

Вольга Харламава:

«Мы бачым такую своеасаблівую патавую сітуацыю. І для ўлады і для пратэстоўцаў. І, на жаль, я б сказала, што радыкалізацыя пратэсту змяніла б сітуацыю на карысць улады. Бо менавіта ім выгодна выставіць пратэстоўцаў у якасці грамілаў».

У Беларусі былі фактычна знішчаныя палітычныя эліты і наагул хтосьці, хто мог бы размаўляць на роўных з да нядаўняга часу адзіным рэальным палітыкам у краіне. Усе астатнія рэвалюцыі ў былым СССР праходзілі ў зусім іншых умовах.

Ігар Тышкевіч:

«Ува Украіне была гульня алігархаў супраць Януковіча. Гэта было важна, бо ім належалі медыі. У Кыргызстане –вайна розных кланаў і элітаў, а ў Беларусі эліты маналітныя. У Грузіі было некалькі групаў элітаў і вельмі слабая цэнтральная ўлада, і пастаянна пры познім Шэварнадзэ ішла барацьба за ўладу».

Стартавыя ўмовы ўсіх гэтых рэвалюцыяў вельмі адрозніваюцца ад таго, што адбываецца ў нашай краіне. Калі ж і беларускія пратэсты не стануць рэвалюцыяй, то бок не зменяць палітычнага ладу краіны, можам апынуцца ў сітуацыі тых жа кіргізаў. Хто б ні сеў на месца прэзідэнта, у выніку стане Лукашэнкам.

Сюжэт для праграмы «ПраСвет» ад 08.10.2020

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Калаж з фота: Credit line: POOL / Reuters / Forum

Hавiны