Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам плануецца падпісаць да 2 лютага 2020 года, калі мусяць запрацаваць змены ў візавы кодэкс і шэнгенская віза падаражэе да 80 еўра. Пра гэта пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміла 22 ліпеня кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, перадае БелТА.
У выніку спрашчэння кошт шэнгенскай візы для беларусаў знізіцца да 35 еўра.
«Мы падпішам пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. Я не магу назваць канкрэтную дату, але фактычна ўсе дакументы ўжо падрыхтаваныя і абодва бакі праходзяць неабходныя прававыя юрыдычныя працэдуры», – сказала яна.
На самой сустрэчы Лукашэнка заявіў, што гатовы да ўзмацнення палітычнага дыялогу з ЕЗ. Паводле яго, сёння няма перашкодаў для гэтага, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.
«Давайце будзем у гэтым кірунку рухацца, не чакаючы якіх бы там ні было падзеяў: ці то парламенцкіх, ці то прэзідэнцкіх выбараў. Думаю, нашы адносіны важнейшыя за ўсякія палітычныя кампаніі ў вас ці ў нас«, – падкрэсліў ён.
Кіраўнік Беларусі падзякаваў за фінансавае падтрыманне, якую ЕЗ робіць праектам у Беларусі, у тым ліку ў развіцці інфраструктуры.
Андрэа Віктарын у сваю чаргу дадала, што за апошнія некалькі год Беларусі і Еўрапейскаму саюзу ўдалося пабудаваць даверныя стасункі ды адкрыты дыялог як па палітычных тэмах, так і па эканамічных.
МГ belsat.eu