Беларусь і ААЭ: што звязвае нас з краінай, дзе Лукашэнка застаецца ўжо 5 дзён


Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, які распачаўся 1 лістапада, цягнецца ўжо пяць дзён. З кім і навошта ён там сустракаецца? Belsat.eu распавядае пра сувязі Беларусі і ААЭ, якія вельмі часта маюць не публічны характар.

ААЭ будзе інвеставаць у беларускую сельскую гаспадарку?

Фота: president.gov.by

Незадоўга да адлёту Лукашэнка казаў, што акрамя працоўных сустрэч у Эміратах збіраецца там ненадоўга «адыйсці ад штодзённага жыцця» і «абмакнуць ногі ў заліў». Паўнавартасны адпачынак кіраўнік дзяржавы не планаваў. Гэта ўжо сёмы ягоны візіт у арабскую краіну, які традыцыйна адбываецца восенню. Звычайна Лукашэнка бярэ з сабой у Эміраты малодшага сына Мікалая і старэйшага Віктара. Апошні неафіцыйна курыруе двухбаковую супрацу, добра знаёмы з наследным прынцам Абу-Дабі Мухамадам бін Заід ан-Наг’янам: яны разам наведваюць гонкі «Формулы-1».

«У шэрагу краін Блізкага Усходу аддаюць перавагу працы не па дзяржаўнай лініі, а праз чальцоў сям’і, хоць у Беларусі гэта і не прынята», – прызнаваўся сам Лукашэнка.

Фота: president.gov.by

Паводле Лукашэнкі, цяпер кіраўніцтва ААЭ прапанавала інвеставаць у беларускую сельскую гаспадарку і набываць нашую прадукцыю, але дэталі будучай здзелкі невядомыя. Затое вядома, што ААЭ пашырае сваю прысутнасць у сферы будаўніцтва абʼектаў інфраструктуры. Гэтак, на месцы «БелЭкспа» у Менску, кампанія «KPI Development», звязаная з арабскай кіруючай сям’ёй, пабудуе бізнес-цэнтр, гатэль і рэстараны з буцікамі. Таксама сям’я прынца Абу-Дабі атрымала ад дзяржавы два гектары зямлі пад Лагойскам для стварэння паляўнічых угоддзяў.

Hавiны
Архітэктар распавёў, што будзе на месцы «БелЭкспа» у Менску
2017.05.08 14:38

Сэнс партнёрства – ваенна-прамысловы комплекс

У сціплым паведамленні прэзідэнцкай прэс-службы ад 1 лістапада гаворыцца, што сёлетні візіт стане працягам «шматгадовага сяброўства» двух краін. Праўда, на чым базуецца такое шчыльнае партнёрства Беларусі і Эміратаў – не да канца зразумела, бо на фоне лакальных сумесных праектаў таваразварот паміж краінамі застаецца даволі нізкім. Яшчэ ў 2014 годзе Лукашэнка паставіў задачу сфармаваць групу тавараў для рынку ААЭ і нарасціць аб’ём таваразвароту да 500 млн долараў і да аналагічных дзеянняў заклікаў эмірацкі бок. Аднак праз тры гады, у 2018-ым, гэты паказнік склаў 72,3 млн долараў, з якіх на імпарт прыпадала ўсяго 14, 3 млн.

Сёлета ў верасні шэйх ан-Наг’ян наведаў Менск: яго сустракалі з ганаровай вартай, аркестрам і чырвонай сцежкай. Прынц Абу-Дабі – намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі ААЭ. Гэты момант шмат тлумачыць у іхным шчыльным сяброўстве з Віктарам Лукашэнкам, які зʼяўляецца памочнікам кіраўніка Беларусі па нацыянальнай бяспецы.

Hавiны
Лукашэнка прызнаўся, што арабскі прынц мае дом у Беларусі
2019.09.13 17:15

Менавіта таму ёсць падставы сцвярджаць, што галоўны сэнс партнёрства з ААЭ палягае ў ваенна-прамысловым комплексе. А лічбы гэтай супрацы далёка не заўсёды адлюстроўвае афіцыйная статыстыка. Такога меркавання прытрымліваюцца эксперты. У 2016 годзе ўлады ААЭ без тэндару аддалі Менскаму заводу колавых цягачоў права на пастаўку партыі новых высокапраходных аўтамабіляў.

«Пры гэтым беларусы не проста пастаўлялі партнёрам абсталяванне, а аказвалі цэлы комплекс спадарожных паслуг: сэрвіс, абслугоўванне, навучанне», – адзначаў вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Палітычны аналітык Валер Карбалевіч пісаў: у 2017 годзе кампанія «BelTechExport FZE», створаная алігархам Уладзімірам Пефціевым у Абу-Дабі, заключыла кантракт з Узброенымі сіламі ААЭ на абслугоўванне вайсковай тэхнікі (радыёлакацыйных сістэм) на суму 15,7 млн долараў. Акрамя таго, у Эміраты пастаўляліся сістэмы навядзення ўзбраення, оптыка, а беларускія спецыялісты аказвалі Эміратам дапамогу ў вытворчасці беспілотнікаў.

Фота: president.gov.by

У Менску з’явіцца Міжнародны фінансавы цэнтр?

Аднак беларускія ўлады не акцэнтавалі ўвагу на супрацы ў ВПК.

«Выгаднае размяшчэнне Беларусі і яе сяброўства ў ЕАЭС дазваляе разглядаць нашу краіну ў якасці эфектыўнага экспартнага каналу ў Расею і Заходнюю Еўропу. ААЭ, у сваю чаргу, зʼяўляюцца варотамі на рынкі краін Азіі і Афрыкі. Мы пацвярджаем цікавасць да супрацы па такіх напрамках, як банкі і фінансы, нафтаперапрацоўка і нафтаздабыча, энергетыка, сельская гаспадарка і харчаванне, вытворчасць кармоў, будаўніцтва і дрэваапрацоўка», – казаў у верасні 2019 віцэ-прэмʼер Аляксандр Турчын на тле візіту прынца Абу-Дабі ў Менск.

5 лістапада Лукашэнка сустрэўся з міністрам абароны ААЭ (ён жа віцэ-прэзідэнт, прэм’ер і кіраўнік эмірату Дубай) Мухамэдам бін Рашыд аль-Мактумам. Паводле Лукашэнкі, беларускі бок зацікаўлены не толькі ў развіцці гандлёвых адносін, але і ў рэалізацыі сумесных праектаў і абмене вопытам, у тым ліку ў фінансавай сферы. На сустрэчы, у прыватнасці, абмяркоўвалася стварэнне ў Менску з дапамогай эмірацкага боку Міжнароднага фінансавага цэнтру. Ужо цяпер завяршаецца распрацоўка канцэпцыі праекту.

Мухамэд бін Рашыд аль-Мактум.
Фота: president.gov.by

Ні мэта будучай установы, ні кампаніі, што займаюцца распрацоўкай, не называюцца. З кім яшчэ плануе сустрэцца Лукашэнка ў ходзе паездкі ў Эміраты – таксама невядома.

КА Belsat.eu

Стужка навінаў