Беларусь хоча адсудзіць у Баўмгертнера $ 100 млн


Беларусь плануе запатрабаваць на судзе над экс-кіраўніком «Уралкалію» Уладзіславам Баўмгертнерам кампенсацыю шкоды ў так званай калійнай справе, паведаміў журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Ад беларускага боку пазовы могуць заявіць прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры або Следчага камітэту. «Гэтыя пазовы пазначаныя, але заяўлены будуць у судзе, калі ён адбудзецца», – падкрэсліў Канюк.

Генеральны дырэктар «Уралкалію», старшыня назіральнага савету беларуска-расейскага закрытага акцыянернага таварыства «Беларуская калійная кампанія» (БКК) Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Менску 26 жніўня 2013 года. Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачванне было дапоўнена крадзяжом.

Следчы камітэт паведамляў, што ў выніку супрацьпраўных дзеянняў Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў БКК Беларусі была нанесена шкода памерам да $ 100 млн. Пазней заявілі, што сума шкоды можа павялічыцца.

У красавіку стала вядома, што Генпракуратура рыхтуе некалькі пазоваў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ў рамках расследавання «справы Баўмгертнера». Як адзначаў Аляксандр Канюк, адзін пазоў будзе накіраваны ў Расею «ў парадку рэалізацыі міжнародных пагадненняў», астатнія – да беларускіх фігурантаў крымінальнай справы.

Дакладныя сумы пазоваў падлічваюцца, аднак агульная сума не можа быць менш за $ 100 мільёнаў, адзначаў генпракурор Беларусі.

У лістападзе мінулага года Уладзіслаў Баўмгертнер быў дэпартаваны ў Расею, дзе ў дачыненні да бізнесоўца таксама ўзбуджаная крымінальная справа. У снежні Баўмгертнер быў звольнены з пасады гендырэктара «Уралкалію»

Да сярэдзіны верасня гэтага года бізнесовец знаходзіўся ў Маскве пад хатнім арыштам, але ў верасні Басманны суд Масквы змяніў яму меру стрымання з хатняга арышту на заклад у Ru 15 млн.

МЯ, belsat.eu, паводле Вячаслаў Будкевіч, naviny.by

Стужка навінаў