Беларусь да 2025 года плануе падвоіць аб'ём замежных інвестыцыяў


Гэта прадугледжана праектам стратэгіі прыцягнення наўпроставых замежных інвестыцыяў у Беларусь да 2035 года, які размешчаны на Праўным форуме Беларусі для грамадскага абмеркавання, якое пачалося 27 лютага і працягнецца 10 дзён.

Абʼёмы наўпроставых замежных інвестыцыяў на чыстай аснове ў 2019-2020 гадах павінны скласці не менш як $ 1,5-1,6 млрд штогод, мэта ў 2025 году – $ 3 млрд. На першым этапе рэалізацыі стратэгіі вывучаць прапановы аб распаўсюдзе асобных льгот і прэферэнцыяў, якія эфектыўна прымяняюцца інвестарамі, на ўсю тэрыторыю Беларусі, а таксама высветляць, ці трэба ўдасканальваць рэжым бязвізавага ўезду для замежных інвестараў.

Скарэктаваць хочуць таксама падыходы да дзяржаўна-прыватнага партнёрства, фінансавага і страхавога заканадаўства, а таксама заканадаўства аб свабодных эканамічных зонах і спецыяльным прававым рэжыме Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

Перспектыўныя напрамкі для прыцягнення інвестыцыяў – высокатэхналагічныя і навукаёмістыя вытворчасці, лагістычная, транспартная і лічбавая інфраструктуры, фінансавы сектар, сацыяльная сфера, турыстычная галіна. Плануецца сфармаваць пакет дадатковых прэферэнцыяў для стварэння прамысловых мікра, – малых і сярэдніх прадпрыемстваў айчынным бізнесам і замежнымі інвестарамі на тэрыторыі раёнаў са складаным эканамічным становішчам. Пілотным праектам у гэтым кірунку стаў указ «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці». Інвестыцыйная стратэгія прадугледжвае сярод іншых інструментаў інвеставання прыватызацыю.

Мяркуецца, што ў выніку Беларусь увойдзе ў лік топ-30 краін з найлепшым бізнес-кліматам у рэйтынгу Сусветнага банка і ўвойдзе ў рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці Сусветнага эканамічнага форуму (The Global Competitiveness Index).

КА, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў