Беларусь была адзінай краінай, якая заявіла аб жаданні прыняць асамблею АБСЕ


Адмысловы спавяшчальнік ААН у правах чалавека Міклаш Харасці прыбыў у Беларусь як прыватная асоба, і Менск не прызнае ягонага афіцыйнага мандату. Гэтак Міністэрства замежных справаў Беларусі адрэагавала на прыезд Харасці ў сталіцу для ўдзелу ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, запланаванай на заўтра. З чым яшчэ Менск сустракае дэлегатаў?

Парламенцкая Асамблея АБСЕ пачнецца ў Менску ўжо заўтра

Першыя ўдзельнікі, напрыклад, старшыня Крысцін Муттонен ужо ў беларускай сталіцы. Куды менш жаданым госцем для афіцыйнага Менску стаў спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці. МЗС у чарговы раз заявіў, што нават падчас асамблеі не прызнае яго мандата.

«Відавочна, што не хапае супрацы з боку ўладаў. Бо тое, што я прадстаўляю гэта ні што іншае, як чаканне міжнароднай супольнасці па выкананні ўніверсальных правоў чалавека», – зазначыў спадар Харасці.

Чаму ААН турбуецца аб правах чалавека ў Беларусі?

Спецдакладчык падкрэсліў, што сваё бачанне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прадставіць на другі дзень. Паколькі ж ніхто з запрошаных дзяржаўных чыноўнікаў на Паралельны форум не зʼявіўся.

Масавыя затрыманні ў сакавіку, гэтак званая справа патрыётаў, нават працэсы сямігадовай даўніны не скончаныя – той жа экс-кандытат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч дагэтуль застаецца фігурантам справы аб масавых закалотах у снежні 2010 года. Актывісты абяцаюць нагадаць пікетамі ўдзельнікам асамблеі пра надзённыя праблемы грамадзянскай супольнасці.

Праваабаронцаў вызваленне фігурантаў справы патрыётаў не ўразіла

Мала таго, што сама справа не закрытая, а за кратамі застаюцца яшчэ двое палітвязняў – такія жэсты Менску проста ўжо не выклікаюць даверу, бо правы чалавека разглядаюцца як прадмет гандлю за прэферэнцыі ды крэдыты.

У дадатак, усё менш жадання на Захадзе падтрымліваць праваабарончыя ініцыятывы наагул. Фінансавая дапамога цяпер перш за ўсё прапануецца на праекты накіраваныя на супрацоўніцтва з уладамі, ці дзяржаўнымі арганізацыямі.

Нягледзячы на гэта, на асамблеі АБСЕ чакаецца як мінімум дзве справаздачы, прысвечаныя сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пахвальных слоў на адрас гаспадароў сустрэчы чакаць не варта.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў