Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Крутой пракаментаваў вынікі перамоваў у Сочы, якія прайшлі 7 лютага паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляе БелТА.
Паводле Дзмітрыя Крутога, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы будуць купляць нафту ў расейскіх кампаніяў па цэнах сусветнага рынку. Менавіта на гэтым і настойваў беларускі бок, заявіў першы віцэ-прэм’ер.
«Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоваў. Мы хочам купляць нафту па сусветных каціровак, і не горш», – сказаў ён і дадаў, што прэзідэнт Расеі паабяцаў дапамагчы беларускім НПЗ дамовіцца з расейскімі здабываючымі кампаніямі.
Крутой падкрэсліў, што ў Расеі каля 100 млн т нафты здабываюць і пастаўляюць невялікія кампаніі. Але Беларусь шмат гадоў працавала пераважна з вялікімі кампаніямі: такімі, як «Роснефть», «Лукойл», «Татнефть» ды іншыя. З наступнага тыдня беларускі бок плануе пачаць працаваць як з маленькімі, гэтак і буйнымі кампаніямі.
Першы віцэ-прэмʼер таксама распавёў, што цяпер «любая кампанія, якой будзе выгадна і цікава працаваць з нашымі НПЗ, атрымае допуск да трубы, транзіту, паставак праз «Транснефть» як агента». Гэта, паводле яго, павінна павялічыць цікавасць расейскіх кампаніяў да Беларусі.
«Мы чакаем (гэта вялікі прарыў нашых бягучых дамоўленасцяў), што неўзабаве гэтая нафтавая праблема вырашыцца цалкам», – рэзюмаваў Крутой.
Што датычыць газу, то ягоная цана для Беларусі ў $ 127 за 1 тыс. куб.м пры пастаўках у сакавіку-снежні 2020 года вызначаная як базавы варыянт, заявіў першы віцэ-прэм’ер. Ён адзначыў, што профільныя міністры сумесна з «Газпрамам» у бліжэйшыя тыдні працягнуць перамовы, у выніку чаго цана можа нязначна змяніцца «на нашу карысць».
Перамовы адносна цаны на 2021 год пакуль не вяліся.
Апроч таго, заявіў Крутой, урады Беларусі і Расеі абмяркуюць умовы крэдыту на будаўніцтва БелАЭС «з улікам пэўнага ссоўвання тэрмінаў». У прыватнасці, Менск просіць адкласці час пачатку выплат па крэдыту, а таксама «рассунуць тэрмін гэтага крэдыту і некалькі знізіць працэнтную стаўку, прывёўшы яе ў адпаведнасць прыкладна з тымі кантрактамі, якія існуюць у «Расатаму» ў іншых краінах».
Паводле яго, БелАЭС павінна быць самай бяспечнай станцыяй, а таму «ніякай спешкі тут не павінна быць», «усё павінна быць вельмі старанна выверана».
МГ belsat.eu