Беларусь без Рыжскай дамовы


Сюжэт з праграмы “ПраСвет”

«Усходняе Партнёрства» – праект Еўрапейскага звязу для ўсходніх суседзяў, у тым ліку для Беларусі, прыдумаў былы міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў 2008 г. Цяпер стала ясна, што Еўрапейская палітыка суседства, часткаю якой з’яўляецца Усходняе партнёрства, не працуе, як задумвалі.

Вольнага гандлю Беларусі з Еўропай не будзе, на спрашчэнне візавага рэжыму прыйдзецца пачакаць даўжэй чым планавалі. А ў справе анексіі Расеяй Крыму пазіцыя Беларусі і Армені адрозніваецца ад меркавання 32 іншых дзяржаваў.

Пяты саміт Еўрапейскі звяз – «Усходняе партнёрства» пачаўся тыдзень таму ў няўдалым для Беларусі месцы. Палац Чорнагаловых у Рызе вядомы тым, што менавіта там у 1921 г. бальшавіцкая Расея падпісала мірную дамову з Польшчаю. Беларускую дэлегацыю тады не дапусцілі да ўдзелу ў перамовах. У выніку Беларусь падзялілі напалову.

Цяпер Беларусь фармальна на роўных удзельнічае ў еўрапейскай праграме скіраванай да шасці постсавецкіх дзяржаваў. Але Менск – адзіная сталіца, якую ў Рызе прадстаўляў не кіраўнік дзяржавы ці нават не прэм’ер-міністр, а міністр замежных справаў.

Стасункі ўскладняюцца еўрапейскімі санкцыямі супраць менскіх уладаў. Сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у нашай краіне не паляпшаецца а палітычныя вязні ўсцяж сядзяць у турмах. Міністр замежных справаў Беларусі ў Рызе ў адказе на пытанне журналіста «Белсату» лічыць іначай.

Паводле Уладзіміра Макея, у Беларусі «праблемы палітычных вязняў не існуе». «Ёсць людзі, якія знаходзяцца ў турме за здзяйсненне канкрэтных парвапарушэнняў», – падкрэсліў прадстаўнік афіцыйнага Менску.

У Беларусі больш 10 палітычных зняволеных. Самы вядомы з іх – кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца за кратамі з выбараў 2010 г.

Праблема ў тым, што Беларусь падпісала дэкларацыю Усходняга партнёрства і абавязалася выконваць еўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека, але палітычныя вязні, паводле Менску, не палітычныя, а крымінальныя. Гэта яны, паводле Уладзіміра Макея, стварылі праблему калі выйшлі пратэставаць супраць вынікаў выбараў

Еўразвяз не прызнаў вынікі выбараў і асудзіў жорсткія рэпрэсіі, якія сустрэлі дэманстрантаў. Нягледзячы на гэта, дыялог Менску з Брусэлям працягваецца. Паўтары гады таму на мінулым саміце ў Вільні ў стасунках Беларусі з Еўразвязам на павестцы дня стаялі два пытанні: дамова пра вольны гандаль і спрашчэнне візавага рэжыму. «Былі праведзеныя некалькі кансультацыяў. Цяпер мы знаходзімся блізка да фінальнай стадыі», – падкрэслівае міністр замежных справаў Беларусі.

Таннейшыя візы і прасцейшая працэдура іх атрымання – гэта вельмі канкрэтная справа для беларусаў. Яшчэ месяц назад здавалася, што бакі змогуць парафіраваць дамову ў Рызе. Але ў апошні момант узніклі складанасці. Брусель за некалькі тыдняў да саміту запатрабаваў увесці біяметрычныя пашпарты для беларускіх дыпламатаў. Парафаванне дамовы і яе падпісанне пераносіцца на пазней.

Другая справа – зона вольнага гандлю цалкам знятая з павесткі дня. Беларусь далучылася да ЕўрАзЭС, а таму вольнага гандлю з Еўропай не будзе. Абодва саюзы не кампатыбільныя.

Не прасцей справа выглядае і з супольнай дэкларацыяй удзельнікаў саміту. Беларусь з Арменіяй, найбольш залежныя ад Расеі дзяржавы ва Усходнім Партнёрстве, падпісалі выніковую дэкларацыю саміту з агаворкамі. Менск і Ерэван выступілі супраць фармулёўкі «нелегальная анэксія Крыму і Севастопалю». Гэты інцыдэнт пакідае сумневы наконт будучыні праекту ў сённяшнім фармаце.

«Змяняецца бачанне таго, як павінна развівацца «Усходняе Партнёрства» ў будучыні. Змяняецца стаўленне да асобных краінаў-удзельніц. Не параўнаць тое, што было ў Вільні і тое, што ёсць цяпер у ацэнцы дзеянняў Беларусі», – зазначыў Макей.

Ці гэта азначае, што Брусель адсуне правы чалавека, дэмакратыю і пытанне палітычных зняволеных на другі план? Ці бізнес і гандаль стануць лейтматывам праграмы? Цешыць прынамсі перспектыва танных і больш даступных шэнгенскіх візаў для беларусаў. А свабода перамяшчэння асобаў – побач са свабодамі перамяшчэння тавараў, паслугаў і капіталу, адзін з чатырох асноўных фундаментаў еўрапейскай інтэграцыі. Найбліжэйшы для нас.

Сяргей Пеляса, праграма «ПраСвет»

Стужка навінаў