Беларусь аўтамабільная: машынаў шмат, але яны дарагія


Сёння аўтамабілістам прапанавалі перасесці з прыватнага транспарту на грамадскі, маючы замест квітка пасведчанне кіроўцы. Такім чынам Беларусь прыядналася да еўрапейскай акцыі «Дзень без аўтамабіля», што адзначаецца штогод, каб прыцягнуць увагу да забруджанасці гарадоў выхлапнымі газамі і перагружанасці вуліцаў.

Ці шмат аўтамабіляў у Беларусі?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі зарэгістравана амаль 3 млн легкавых аўтамабіляў, у Менску шчыльнасць аўта на тысячу насельніцтва найбольшая – каля 400 машын на 1000 асобаў. Што тэарэтычна азначае, што ў кожнай сямейнай гаспадарцы ёсць ва ўласнасці аўта. За апошні год прыватны аўтапарк беларусаў павялічыўся на 50 тысячаў машын.

Беларусь па гэтым паказчыку далёка абагнала Украіну і Расею, але машынаў у нашых жыхароў усё ж менш, чым у грамадзянаў краінаў Еўразвязу. Адносна блізка мы да аўтамабілізаванасці Славакіі, Венгрыі і Харватыі.

Сярэдняя лічба па ўсей Еўропе – 573 аўтамабілі на 1000 асобаў. Больш за ўсіх машын – у жыхароў Люксембургу, аўтамабіляў там зарэгістравана каля 700 на тысячу грамадзянаў.

«Апошнім часам рост колькасці аўтамабіляў у нас стабілізаваўся. Ёсць натуральная мяжа аўтамабілізацыі і ў нас на яе дзве прычыны. Па-першае, характар развіцця гораду. У нас няшмат людзей у горадзе жывуць у прыватных дамах, што зрабіла б валоданне аўтамабілем непазбежным і ў той жа час зручным. Па-другое, характарам нашых гаспадарак – гэта два, тры, чатыры чалавекі. Аднаго аўтамабіля ім дастаткова і не трэба чакаць, што ў людзей у панэльных дамах будуць з’яўляцца па дзве машыны. На гэта няма грошай, а для машын няма больш месца», – кажа Дзмітрый Бібікаў, урбаніст і заснавальнік «Менскай урбаністычнай платформы».

Прыватны транспарт ці грамадскі?

Фота Artem Svetlov / flickr.com

На першы погляд, у менскіх аўтамабілістаў нецяжкае жыццё. Не забаронены доступ у цэнтр гораду аўтамабілям з дызельным маторам, як, напрыклад, у Парыжы. Паркоўкі ў большасці выпадкаў бясплатныя, няма шматгадзінных затораў, а дарогі – шырокія.

«Так, мы пакуль спраўляемся. Але гэта ідэя сярэдзіны мінулага стагоддзя, што чым больш месца, тым лягчэй машынам. Лягчэй будзе, калі будзе добра развіты грамадскі транспарт. Справа не ў шырыні вуліцаў, а ў добраўпарадкаванні», – кажа Дзмітрый Бібікаў.

Чым больш людзей карыстаецца роварамі, грамадскім транспартам, тым лягчэй ехаць у аўтамабілі тым, хто сапраўды мае патрэбу, напрыклад, кур’ерам.

Стымуляваць аўтамабілістаў часцей карыстацца метро або роварам можна рознымі спосабамі, але ж галоўныя стымулы заўсёды эканамічныя – напрыклад, платныя паркоўкі ў цэнтры гораду. Плата за месца, акрамя інтарэсаў грамадскага транспарту, ахоўвае і інтарэсы ўласна аўтамабілістаў.

«Тут усё проста. Калі ёсць паркоўка з прагрэсіўнай аплатай, калі тарыф павялічваецца, чым больш вы на ёй стаіце, тым больш шанцаў, што калі вы прыедзеце на гэтае месца, то яно будзе вольнае. Бо калі паркоўка ў цэнтры гораду бескаштоўная, то хто заўгодна можа прыехаць і пакінуць сваю машыну на тры дні, і яму ўсё роўна. Плату за паркоўку трэба разглядаць, як кароткатэрміновую арэнду прасторы. Бо калі хтосьці ставіць тут машыну, ніхто іншы месцам карыстацца ўжо не можа, але ж месца не прадаецца разам з машынай, як і паліва, – за яго трэба плаціць, гэта справядліва», – кажа Дзмітрый Бібікаў.

Стары аўтамабіль – дорага і неэкалагічна

Фота pwbaker / flickr.com

На экалагічны лад гораду і на дабрабыт усіх удзельнікаў дарожнага руху ўплывае таксама і від, і памер аўтамабіля. Згодна з аўтамабільнай статыстыкай Еўрапейскай камісіі, у большасці краінаў Еўразвязу ў апошнія гады перавага аддаецца аўтамабілям з малым аб’ёмам рухавіка. Акрамя таго, еўрапейцы прагрэсіўна адмаўляюцца ад дызельнага паліва на карысць бензіну і гібрыдаў. Электракары таксама набіраюць папулярнасць, але марудна.

У 2015 годзе краінай з найбольшай колькасцю аўтамабіляў, старэйшых за 20 гадоў, была Польшча (33%), за ёй ідуць Эстонія (26%) і Латвія (22%). Наймалодшыя ж аўтамабілі ў Люксембургу, Бельгіі, Ірландыі і Аўстрыі. У шматлікіх краінах Еўразвязу дзейнічаюць праграмы льготаў для тых, хто наважыўся памяняць свой стары аўтамабіль на новы, з меншым выкідам СО2. Краіны, дзе дзейнічаюць такія льготы, хутка аднаўляюць свой аўтапарк.

Між тым, у Беларусі патрыманыя аўтамабілі з краінаў Еўразвязу каштуюць нашмат даражэй, праз пагадненне аб Мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам і неабходнасць плаціць за такую машыну падатак. Напрыклад, аўтамабіль Volkswagen Passat 2007 году з дызельным рухавіком 2.0 на беларускім сайце продажу аўтамабіляў каштуе 7 490 USD, на польскім5 915 USD.

Сёння ў Менску кіроўцам аўтамабіляў можна бескаштоўна ездзіць на ўсіх відах грамадскага транспарту. Менскае роварнае таварыства будзе раздаваць садавіну і энергетычныя батончыкі аўтамабілістам, што ў гэты дзень адмовяцца ад аўта. У горадзе пройдзе роварны прабег і святочныя імпрэзы. Сёлета да еўрапейскай акцыі «Дзень без аўтамабіля» у Беларусі далучыліся 31 горад, амаль удвая больш, чым у мінулым годзе.

Глядзіце таксама:

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў