Беларус ашукваў расейскіх прадаўцоў прыёмам з 90-х


У Бранску затрымалі нашага суайчынніка, які спецыялізаваўся на падмане крамаў мабільных тэлефонаў. Яму пагражае да пяці гадоў зняволення.

Паводле следчых, 40-гадовы раней судзімы выхадзец Беларусі пры набыцці дарагіх тэлефонаў не дадаваў прадаўцам часткі купюраў.

Схема, па якой дзейнічаў махляр, патрабавала спрыту рук. Купляючы самыя дарагія девайсы, ён расплачваўся пачкам пяцітысячных купюр, у якой адной купюры бракавала. Пералічыўшы грошы, прадавец паказваў на памылку, і аддаваў грошы пакупніку, каб ён пералічыў іх сам. Махляр пералічваў, пагаджаўся з нястачай, вяртаў грошы прадаўцу і дэманстратыўна дадаваў яшчэ адну купюру. Разлік махляра быў на тое, што прадавец не пералічыць грошы нанова. А дарма: старонка МУС Расеі падае, што падчас «падліку» злачынец хаваў у рукаве прыкладна траціну пачкі.

На слэнгу махляроў гэткая аперацыя з банкнотамі называецца «заломваннем».

Пасля здзяйснення злачынства ашуканец вяртаўся ў Беларусь.

Махляра злавілі супрацоўнікі расейскага крымінальнага вышуку падчас чарговага злачынства: у адным з гандлёвых цэнтраў Бранска пры аплаце дарагога мабільнага тэлефона ён «заламаў» восем банкнот, прычыніўшы краме шкоду на 40 тысячаў рублёў ($ 615).

Следчыя даказалі дачыненне затрыманага да сямі эпізодаў. Агульная сума, на якую яму ўдалося падмануць прадаўцоў, склала каля 200 000 рублёў (каля $ 3000). Злачынцу прад«явілі абвінавачанне паводле артыкулу расейскага КК «Махлярства», санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да пяці гадоў. Ён арыштаваны да суда.

ДД

Стужка навінаў