Беларусь – адна з найлепшых блокчэйн-краінаў Еўропы

ВІДЭА

У дзясятку найлепшых Беларусь увайшла дзякуючы юрыдычнай моцы смарт-кантрактаў і нулявому падатку на біткоіны да 2023 года.

Напярэдадні канферэнцыі BlockShow Europe 2018, якая пройдзе ў Берліне напрыканцы траўня, на яе старонцы з’явіўся рэйтынг еўрапейскіх краінаў з самымі камфортнымі ўмовамі для працы з тэхналогіяй блокчэйн.

Эксперты прааналізавалі магчымасці карыстання крыптавалютай, правілы іх продажу і падаткавае заканадаўства практычна кожнай краіны Еўропы, і склалі спіс з дзесяці самых крыпталюбівых краінаў.

Беларусь з рэйтынгам «9» апынулася на 10-м месцы.

«Беларусь знаходзіцца ў гэтым спісе, бо яе падаткі для біткоіна складаюць 0 % да 2023 года. Паводле беларускага ўраду, сальда валют не абкладаецца падаткам да 2023 года, каб стварыць асаблівую эканамічную зону, якая зможа канкураваць з Сіліконавай далінай. Акрамя таго, Беларусь надала смарт-кантрактам моц юрыдычных дакументаў», – напісалі аўтары даследавання.

У першую дзясятку ўвайшлі таксама Вялікая Брытанія, Гібралтар, Данія, Мальта, Нідэрланды, Нямеччына, Партугалія і Фінляндыя.

Ачольвае рэйтынг Швейцарыя, якой эксперты надалі рэйтынг «26».

«Швейцарыя стала сусветным вузлом для праектаў, звязаных з крыптавалютамі, дзякуючы станоўчым зменам у заканадаўстве кантону Цуг у цэнтральнай частцы Швейцарыі», – гаворыцца ў справаздачы.

Менавіта ў кантоне Цуг у цэнтральнай частцы Швейцарыі паўстаў незалежны праект «Крыптасіліконавая даліна» па стварэнні «сусветнага цэнтру тэхналогіі блокчэйн і крыптаграфіі», які атрымаў падтрыманне швейцарскага ўраду.

Напрыканцы 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» з мэтай прыцягнуць у Беларусь сусветныя IT-кампаніі. Паводле дакументу, у Беларусі легалізаваныя крыптавалюты, а будучыя рэзідэнты вызваленыя ад падатку на дададзеную вартасць.

Таксама ў Беларусі можа з’явіцца неўзабаве міністэрства лічбавай эканомікі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары