Беларус адкрыў у Чэхіі краму, у якой не трэба плаціць за рэчы


Паліцы бясплатнай крамы ў Аламоўцы. Фота з архіву Сцяпана Вашкевіча

Сцяпан Вашкевіч разам з сябрамі з універсітэту ў Аламоўцы адкрыў бясплатную краму, каб зрабіць універсітэт больш экалагічным месцам.

Ідэя адкрыць карму «Freeshop UP» прыйшла каля сметніцы побач з інтэрнатам, распавядае Сцяпан Вашкевіч выданню «Заўтра тваёй краіны». Юнак пабачыў там рэчы, якія маглі яшчэ камусьці паслужыць – ува ўніверсітэт, дзе вучыцца Сцяпан, многія студэнты прыязджаюць па абмене, нажываюць за час вучобы маёмасць, якую потым не могуць забраць з сабой. Дзякуючы бясплатнай краме ў рэчаў з’яўляюцца новыя гаспадары.

Ад з’яўлення думкі да адкрыцця фрышопу прайшло паўгода. Кіраванне інтэрнатаў дало памяшканне, дзе раней была майстэрня. Супрацоўнікі інтэрнату зрабілі рамонт, а каманда крамы – аформіла яе. Ініцыятыва стаў часткаю студэнцкай ініцыятывы «Udržitelný Palacký», мэта якой – трансфармаваць універсітэт у экалагічна ўстойлівае, сацыяльна справядлівае і эканамічна эфектыўнае месца.

Прынцып просты: аддаваць непатрэбнае табе. але што можа паслужыць іншым. Любыя рэчы можна браць бясплатна і без абмежаванняў. Фота з асабістага архіву Сцяпана Вашкевіча

Крама працуе па некалькі гадзін 3–4 дні на тыдзень.

Прынесці рэчы ў краму можна ў працоўны час. Іх адразу сартуюць і аддаюць чалавеку тое, што не ўпісваецца ў канцэпцыю крамы. Сцяпан кажа, што не ўсе разумеюць, што калі рэч ужо страціла сваю функцыю, яна становіцца смеццем, якім не змогуць скарыстацца іншыя.

Пакеты з Камароўкі

Часам крама ладзіць адкрытыя дні (тады працуе цэлы дзень, частку асартыменту выстаўляюць на вуліцы), заняткі аб экалагічным ладзе жыцця і майстар-класы аб тым, як зрабіць парашок з соды і мыла, адрамантаваць старое адзенне або экалагічна спакаваць падарункі.

Побач з інтэрнатам студэнты зарганізавалі агарод.

«У нас усё на сумленным слове. Хочаш – пасадзіў. Хочаш – сабраў нешта, з’еў, – распавядае Сцяпан.

Кіраўніцтва інтэрнату падтрымала ініцыятыву з грамадскімі градкамі, а працаўніца вахты, якая вывучае ландшафтны дызайн, дапамагла сваймі парадамі.

Сцяпан Вашкевіч. Фота з асабістага архіву героя

Абарона навакольнага асяроддзя хвалявала Сцяпана яшчэ ў падлеткавыя гады.

«Я змагаўся з пакетамі на Камароўцы і часам я быў узнагароджаны тым, што ў Чэхіі без пластыка не купіш, – цудоўным тварагом, спецыямі ды арэхамі. У Беларусі ёсць магчымасць быць экалагічным спажыўцом, проста для гэтага патрэбен кураж. І характар! – кажа Сцяпан. – Магчымасці могуць здавацца абмежаванымі, але яны правакуюць да таго, каб мы былі крэатыўнымі і ініцыятыўнымі.

На думку Сцяпана, гаспадарка можа быць безадходнай, і людзі могуць значна скараціць аб’ёмы шкоды, якія наносяцца навакольнаму асяроддзю.

«Проста трэба менш купляць і даваць магчымасць адзін аднаму карыстацца рэчамі, якія ўжо набытыя. Па такой схеме могуць дзейнічаць як спажыўцы, так і вытворцы, але для гэтага нам трэба перафармаваць сваё стаўленне да ўсяго агульнага і грамадскага», – кажа Сцяпан.

Агулам у Чэхіі каля 70 прыязных да навакольнага асяроддзя крамаў, асартымент якіх – пераважна чэшскай або славацкай вытворчасці – прадаюць без упакоўкі.

ДД паводле Юліі Сяменчанка

Стужка навінаў