Беларусь абвесціла персонамі non grata двух дыпламатаў Вялікай Брытаніі


Вайсковы аташэ Вялікай Брытаніі Тымаці Уайт і намесніца амбасадара Ліза Тамвуд, абвешчаныя ўладамі Беларусі персонамі non grata. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканалу ОНТ.

Тэлеканал ОНТ абвінаваціў брытанскіх дыпламатаў у тым, што падчас учорашняй акцыі пратэсту яны вельмі доўга сядзелі ў кавярні на праспекце Пераможцаў. Сцвярджаецца, гэтыя дыпламаты «збіралі інфармацыю аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і аб ходзе пратэстаў».

«Міністэрствам замежных справаў Беларусі 8 лістапада 2020 года з прычыны дзейнасці несумяшчальнай са статусам дыпламатычнага агента, статусам дыпламата, а таксама з мэтамі знаходжання ў Беларусі прынятае рашэнне аб абвяшчэнні двух дыпламатаў амбасады Вялікай Брытаніі персонай non grata», – паведаміў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.

ОНТ сцвярджае, што з траўня 2020 года дыпламаты не раз сустракаліся з прадстаўнікамі апазіцыйных і грамадскіх праваабарончых арганізацыяў, а таксама няўрадавых структур. А яшчэ вайсковы аташэ Тымаці Уайт неаднаразова наведваў рэгіёны ўсё з той жа мэтай. Нібыта ў ліпені яму беларускі МЗС ужо выносіў папярэджанне, але ўсе яны былі праігнараваныя.

Што тычацца намесніцы амбасадара Вялікай Брытаніі Лізы Тамвуд, то яе вінавацяць у тым, што яна нібыта «каардынавала працу журналістаў брусельскага бюро BBC, якія прыбылі ў Беларусь для асвятлення працы перадвыбарчага штаба Ціханоўскай, а таксама пратэстаў».

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб назваў рашэнне беларускіх уладаў «абсалютна неабгрунтаваным».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў