Белага і чырвонага не апранаць!

Алесь
Дзянісаў
Музыка, журналіст

Днямі адна знаёмая выхавальніца дзіцячага садка распавяла, як загадчыца выклікала ўсіх сваіх падначаленых і катэгарычна папрасіла пазбягаць пры ўпрыгожванні пакояў спалучэння белага і чырвонага колераў. «Божа мой! – падумаў я. – Бел-чырвона-белы калапс прыйшоў і да нашых дзетак!» З іншага боку, няма чаго здзіўляцца. Беларускае настаўніцтва ў масе сваёй – адная з самых кансерватыўных частак грамадства. Тут можна чакаць усяго. Як і наагул у краіне.

Праз адсутнасць грошай у школах і дзіцячых садках заўсёды практычна падыходзілі да ўпрыгожвання вокнаў. З белае паперы выразалі сняжынкі, снегавічкоў ды іншыя навагоднія фігуры, а потым ляпілі гэта ўсё на вокны скотчам. У сучасных умовах – справа няўдзячная ды небяспечная. Заўсёды знойдзецца які-небудзь школьны шалапут, які маркерам дамалюе чырвоную стужачку на нявіннай белай папяровай зорачцы! А настаўніку потым даказвай сваю недатычнасць на кіліме ў дырэктара.

Кветкавы марш жанчын у Менску. Акцыя адрозніваецца ад папярэдніх традыцыйных суботніх шэсцяў тым, што яе ўдзельніцы не ходзяць вялікай калонай, а размяркоўваюцца паміж ЦУМам і ГУМам невялікімі групамі. 3 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Страшна падумаць! Падвох крыецца нават там, дзе яго не чакаеш. Напярэдадні самага ўлюбёнага свята галоўны персанаж дзіцячых ранішнікаў раптам ператварыўся ў апазіцыйнага персанажа, бо ўсе гэтыя Санта-Клаусы, Святыя Мікалаі ды Ледзяныя Дзяды традыцыйна бадзяліся ў бела-чырвоных строях! Сустракаюцца, вядома, і блакітна-белыя строі Калядных Дзядоў. Але ж дзе ты іх на ўсіх напасешся і калі паспееш змяніць ва ўсіх школах і садках? Тут завучам у выхаваўчае працы, напэўна, трэба «закасаць рукавы ды працаваць»: хуценька пашыць новыя.

Ці яшчэ ёсць ідэя. Усе белыя элементы адзення Каляднага Дзеда можна пафарбаваць у зялёны колер. Адразу забіваюцца два зайцы: ліквідуецца шкоднае спалучэнне колераў, а сам Калядны Дзед ператвараецца ў сапраўднага патрыятычнага персанажа, які, можна сказаць, сваім прыкладам накіроўвае думкі дзетсадаўцаў і школьнікаў у патрэбным выхаваўчым кірунку.

Марш волі ў Менску, 6 снежня 2020 г. Фота: Агата Квяткоўская / «Белсат»

Тут можна і далей папрацаваць над вобразам. Увесці сваё, беларускае ноў-хаў. Падаецца, новаўвядзенні маглі б ацаніць сусветныя «зоркі» авангарднага свету моды. Напрыклад, белую бараду таксама перафарбаваць… У чырвона-зялёны колер. Атрымаецца патрыятычна! Можна дадаць у вобраз дзіцячага ўлюбёнца спартовыя ноткі. Няхай адначасова прапагандуе і здаровы лад жыцця. Чаму б Ледзяному Дзеду не з’явіцца каля ялінкі на лыжах і з нумарам на спіне? Ці з клюшкаю замест посаха. Ледзяны Дзед гуляе ў самую папулярную беларускую спартовую гульню!

Ва ўсёй краіне кіпіць праца. Складваецца ўражанне, што ідзе сапраўдная барацьба з бела-чырвоным. Перафарбоўваюць лаўкі, загадваюць здымаць рулонавыя шторы ды фіранкі «варожых» колеравых спалучэнняў. Крый Божа павесіць на балконе бялізну гэтак, каб белая прасціна была побач з чырвонаю тышорткаю! «Злыя языкі» інтэрнэтаўскіх блогераў казалі, што ў Менску дайшлі рукі да фабрычнае трубы. Праўда, з трубою не ўсё так проста: стандарты патрабуюць прысутнасці непатрэбных бел-чырвона-белых колераў. А вось калі стандартаў няма, то палёт фантазіі можа рухацца ў розных кірунках. Як той казаў, назапашваем поп-корн і чакаем новых серыяў.

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў