БелАЭС: Беларусь абвінаваціла Літву ў хлусні ў «стане, блізкім да агоніі»


Літва выкарыстоўвае «беспадстаўныя і адкрыта хлуслівыя» заявы адносна праекту беларускай АЭС ды захадаў для запэўнівання яе бяспекі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы зварот афіцыйнай Вільні да Еўракамісіі.

Hавiны
Літва заклікала Еўракамісію разабрацца з Астравецкай АЭС
2019.05.03 22:05

Паводле яго, Беларусь ніколі не ўхілялася ад міжнароднай супрацы ў гэтых пытаннях, шчыльна супрацоўнічае з МАГАТЭ ды Еўракамісіяй.

Анатоль Глаз падкрэсліў, што літоўскія спецыялісты «выдатна ведаюць», што еўрапейскія рэгулятары не выявілі праблем з бяспекай станцыі. У выніку стрэс–тэстаў Еўразвяз толькі адзначыў шэраг належных практык і даў рэкамендацыі для павышэння запасаў трываласці АЭС, сказаў ён.

Прэс-сакратар МЗС адзначыў, што ў выніку гэтай ацэнкі быў сфармаваны план захадаў далейшага павышэння бяспекі АЭС. Праца па ім ужо вядзецца ў межах агульнаеўрапейскай практыкі, а ў бліжэйшы час ён будзе размешчаны ў адкрытым доступе, заявіў Глаз.

На яго думку, Літва спрабуе адцягнуць увагу ад складанасцяў з вывадам з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС і будаўніцтвам ядравых могільнікаў ля мяжы з Беларуссю. «Чым яшчэ можна апраўдаць ухіленне ад прапановы беларускага боку стварыць сістэму маніторынгу ядравых аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў?» – адзначыў ён.

«Самае нязначнае канструктыўнае абмеркаванне тэмы Беларускай АЭС сёння ўспрымаецца ў літоўскім кіраўніцтве як здрада. А сама згадка слова «супраца» у сферы ядравай бяспекі ў стане блізкім да агоніі выключаецца з афіцыйных двухбаковых дакументаў», – сказаў Глаз.

Прадстаўнік вонкавапалітычнага ведамства таксама адзначыў гатовасць Беларусі да дыялогу і канструктыўнага ўзаемадзеяння з усімі міжнароднымі партнёрамі ў справе бяспекі БелАЭС.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў