Бел-чырвона-шэры Дзень Волі

Нацыянальныя сцягі ў горадзе над Нёмнам, шмат дзетак і мала фудкорту, Вольскі ў міліцэйскім бусіку і Статкевіч у піўной… Чым сёлетні Дзень Волі розніцца ад папярэдніх?

Тым часам, як краіна ўжо абмеркавала чыноўнікаў і кароваў, якія «сруць адно на аднаго», самы час на халодны розум падвесці вынікі Дня Волі. Як казаў стары сябар, нашае свята незалежнасці ўнікальнае тым, што кожны год яно рознае. Дзень Волі – не столькі ўспамін пра мінулае, колькі барацьба за незалежнасць, якая трывае дагэтуль, – паўтараецца штогод у новых формах.

Што гэта за формы? Раней – маштабныя мітынгі і бойкі з міліцыяй, знакаміты паход на Акрэсціна ў 2006-м. Пазней – сумныя стаянні са сцягамі ля Акадэміі навук і сарамлівыя спробы выйсці на праспект. Яшчэ пазней, у 2017-м, сапраўднае «пабоішча» ў цэнтры Менску, аўтаматчыкі ў пераходах метро. Ну і цягам апошніх двух гадоў – сапраўднае нацыянальнае свята. Часам, праўда, са слязьмі на вачах.

Феномен гэтага года – спрэчка ўжо не паміж палітычным мітынгам і святам, а паміж выбарам лакацыі для свята: Горадня ці Менск. То бок, прыхільнікі Статкевіча і БНК наагул нікога не вывелі ў цэнтр сталіцы, хай сілавікі іх і чакалі. Падобна, што фармат «плакаты-пратэсты-аўтазакі-Акрэсціна» канчаткова вычарпаны. Што казаць, калі сам Статкевіч вечар 25-га сустрэў не на «Валадарцы», а за пару соцень метраў – у піўной на Валадарскага.

Ці не галоўная сёлетняя спрэчка была за горад-пляцоўку для канцэрту. Маўляў, як гэта: на Бангалор вы ісці адмовіліся, бо далёка ад цэнтру Менску, а ў Горадню, за 280 км ад сталіцы, – нармальна? І тут я шчыра не магу зразумець крытыканаў. Дзень Волі нібыта мае быць народным святам, агульнанацыянальным. Дык а ў Горадні што, вайшнорцы ці эльфы-кантрабандысты жывуць? Не беларусы?..

Тым больш, акурат 100 гадоў таму ўрад БНР пераехаў у Горадню, тут паўстаў Першы беларускі полк. Ды і наагул – чаму толькі Менск? Чаму толькі цэнтр? Давайце тады і ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ў Менску адзначаць, і шэсце на Дзяды ладзіць ад Кастрычніцкай плошчы да Дому ўраду. Цэнтр дык цэнтр! Рэшта – гета…

Гісторык Алесь Краўцэвіч прамаўляе са сцэны на Дзень Волі ў Горадні, 23 сакавіка 2019 г. Фота belsat.eu

Дык гэты цэнтр Менску, пара кіламетраў уздоўж праспекту, Палац Рэспублікі, «МакДональдз», «Цэнтральны» – гэта і ёсць сапраўднае гета, куды апазіцыя заклікала выходзіць гадамі з любой нагоды: выбары, палітвязні, дармаедскі дэкрэт – сцэнар, спікеры і нават мегафоны тыя самыя. І што гэта каму дало?..

Сёлетні Дзень Волі ў найноўшай гісторыі Горадні – унікальная падзея. Сцягі, крутыя выканаўцы на сцэне, святочны настрой, сем’і з дзецьмі, закаханыя парачкі ў ценю пад дрэвамі… Менавіта гэтак я ўяўляю сабе народнае свята. І хай не хапіла фудкорту, хай не ў парку Жылібера, хай не прыйшло 10 тысячаў – якая розніца? Затое народ са сцягамі пасля 17-й гадзіны расцёкся струменьчыкамі па цэнтры старога гораду, а ў піўніцах да позняй ночы гукалі «Жыве Беларусь!» і падымалі куфлі за незалежнасць.

Калі ў Горадні анікога не затрымлівалі, то ў Менску не абышлося без эксцэсаў: спачатку Дашкевіча ў Кіеўскім скверы, пасля – зорны склад беларускіх музыкаў на Камсамольскай. Зразумела, што гэта «дзіч», і ў свабоднай краіне ніколі б не затрымалі прамоўцу на дазволеным мітынгу, ніколі б не затрымалі музыку, які проста спявае на вуліцы. Гэта правільна? Не. Гэта дзіўна? Таксама не.

Наіўна лічыць, што затрыманні – плён барацьбы кланаў МУС і МЗС, што нехта хацеў некаму падкласці свінню, а тут яшчэ і канцлер аўстрыйскі прыедзе… Дзе логіка? З логікай акурат тут усё ў парадку. Улады не могуць так вось узяць і адпусціць сітуацыю, як алкаголік не можа пасля 25 гадоў п’янства ўзяць і кінуць за адзін дзень. То бок можа, вядома, але гэта – цуд.

Дзень Волі 2017. Фота belsat.eu

Усе мы былі наіўнымі і некалі думалі, што свет складаецца з чорнага і белага. Насамрэч – з чорнага і шэрага. Або з чорнага і бруднага. Белае існуе, але гэта цуд, і сутыкаемся мы з ім з такой жа перыядычнасцю, як і з цудам. На 25 сакавіка не здарыцца ані цуду рэвалюцыі, ані цуду татальнай лібералізацыі, хоць некаму пра гэта яшчэ прыемна марыць, як падлетак марыць пра маладую настаўніцу ў перыяд палавога даспявання.

Цуду не будзе, затое будзе праца. Шэрая і брудная. Праца, якая штогод пашырае тэрыторыю Свята Незалежнасці, плацдарм Волі. Праца, цягам якой трэба думаць пра грошы і дастаўку біятуалетаў, а не пра палітычныя маніфесты і радыкальныя прамовы. Бо край – гэта пра «шэрыя мундзіры» і «шэрае крывіцкае неба», а не пра белыя анёльскія крылы ў высокім небе.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў