БДІПЧ АБСЕ ўпершыню не будзе назіраць на выбарах у Беларусі — не атрымалі афіцыйнага запрашэння ад МЗС


Аб сваім рашэнне дырэктарка БДІПЧ АБСЕ праінфармавала беларускі ўрад.

Місія БДІПЧ АБСЕ ўпершыню не прыедзе ў Беларусь, каб назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. Прычына – адсутнасць афіцыйнага запрашэння ад МЗС.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Адсутнасць своечасовага запрашэння на працягу двух месяцаў пасля абвяшчэння выбараў перашкодзіла БДІПЧ назіраць за асноўнымі аспектамі электаральнага працэсу», – зазначыла дырэктарка БДІПЧ Інгіб’ёрг Соўльрун Гіслятоўхтыр. – Да іх адносяцца вобласці, якія мы ў сваіх нядаўніх справаздачах адносілі да тых, якія патрабуюць паляпшэнняў. Напрыклад, фармаванне выбарчых камісіяў і рэгістрацыя кандыдатаў. Бачна з вынікаў гэтых працэсаў, што ўлады не зрабілі аніякіх крокаў, каб палепшыць іхную інклюзіўнасць».

У паведамленні на сваёй старонцы БДІПЧ зазначае, што арганізацыя рабіла ўсё магчымае пасля пачатку пандэміі каронавірусу, каб выканаць свой мандат па назіранні за выбарамі і правяла назіранні ў некалькіх краінах, як толькі былі знятыя абмежаванні па перасоўваннях. Дырэктарка БДІПЧ падкрэслівае, што не высланае запрашэнне ў такой выпрабавальнай сітуацыі адлюстроўвае адсутнасць зацікаўленасці ў супрацы з назіральнікамі арганізацыі, як гэта прадугледжана абавязкамі АБСЕ.

Праз затрыманні 14 ліпеня ў Менску прайшлі больш за 100 асобаў.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

У той жа час Гіслятоўхтыр выразіла сваю глыбокую занепакоенасць паведамленнямі аб тым, што папулярных кандыдатаў запалохваюць, а апазіцыйных актывістаў арыштоўваюць.

«Абарона фундаментальнай свабоды мірных сходаў і выражэння меркавання – гэта першасная ўмова свабодных дэмакратычных выбараў», – заявіла яна.

Дырэктарка БДІПЧ заклікае беларускія ўлады здзейсніць канкрэтныя і неадкладныя крокі, каб абараніць фундаментальныя свабоды ў Беларусі.

Раней прэс-сакратар МЗС заяўляў, што ведамства прыме рашэнне аб запрашэнні міжнародных назіральнікаў у бліжэйшым часе з улікам развіцця эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне.

Праз пандэмію назіральнікі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ вырашылі не прыязджаць у Беларусь на выбары.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў