БЧ пытаецца ў пасажыраў, якую мову пакінуць на вакзалах, білетах і ў цягніках


Пасажыры ў купэ цягніку Кіеў – Менск. Фота – Nick Hannes / Panos Picture / Forum

Беларуская чыгунка з мэтай палепшыць якасць пасажырскіх перавозак зладзіла апытанне з нагоды Дня пасажыра. Тры з дзевяці пытанняў анкеты датычаць мовы.

«Гэтую акцыю мы ладзім ужо чатыры гады запар кожны квартал. Галоўная мэта мерапрыемства – мець наўпроставы дыялог з людзьмі, каб неабходныя моманты вырашаць на месцы або прынамсі абмяркоўваць», – тлумачаць «Белсату» у прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.

З нагоды бліжэйшай акцыі, якая пройдзе 26 верасня, БЧ на сваёй старонцы апублікавала анкету з дзевяццю пытаннямі.

Карыстальнікаў пытаюць, што на чыгунцы патрабуе большае ўвагі ды якія дадатковыя паслугі неабходная ўкараніць на вакзалах і ў цягніках

Рэспандэнтаў просяць ацаніць працу білетных касіраў, праваднікоў, а таксама даступнасць інфармацыі аб коштах на білеты і паслугі.

У апошнім блоку – пытанні пра тое, на якой з дзяржаўных моваў мэтазгодна афармляць квіткі, рабіць абвесткі ў цягніках ды на вакзалах.

У каментары «Белсату» БЧ пацвердзіла, што гэтыя пытанні цікавыя і важныя для іхнай пасажырскай службы, але адмены ніводнай з дзяржаўнай моваў перавознік не плануе.

«У нас усё паводле Канстытуцыі, у нас усё добра», – сказалі нам у прэс-цэнтры БЧ.

Беларускі цягнік у польскім Тэрэспалі. Ілюстратыўнае фота – Ян Брыкчыньскі / Zuma Press / Forum

Падчас папярэдняга анкетавання з нагоды Дня пасажыра ў чэрвені 2019 года адзін з рэспандэнтаў прапанаваў адмяніць абвесткі ў цягніках па-беларуску.

У адказе чыгункі гаварылася, што абвесткі па-беларуску робяцца толькі ў цягніках лініяў эканом-класу, хаця ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы – і яны раўназначныя.

«Пры гэтым Беларускай чыгунцы паступаюць звароты грамадзянаў з прапановаю пашырыць ужыванне беларускай мовы», – гаварылася ў адказе.

На пытанні новай анкеты з кожнага IP-адрасу можна адказваць неабмежаваную колькасць разоў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў