BBC: Дачка Пуціна стварае медцэнтр «для эліты»


Расейская служба BBC апублікавала расследаванне пра бізнес Марыі Варанцовай, якую называюць старэйшай дачкой прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Згодна з матэрыяламі, Варанцова з’яўляецца суўладальніцай створанага ў студзені акцыянернага таварыства «Новая медычная кампанія», скарочана – «Номека». Кампанія ў бліжэйшы час зоймецца будаўніцтвам «шматфункцыянальнага медычнага комплексу» ў Ленінградскай вобласці. Дзеля гэтага ўрад ужо перавёў землі ляснога фонду Юкоўскаго сельскага паселішча блізу Фінскага заліву ў катэгорыю зямель прамысловасці.

Раён, дзе будзе збудаваны медычны комплекс, – адзін з самых прэстыжных у Ленвобласці. Па кошту ён знаходзіцца на другім месцы пасля Курортнага раёну, дзе размяшчаецца рэзідэнцыя губернатара Санкт-Пецярбурга. Планаваная плошча комплексу – каля 200 тысячаў квадратных метраў, а яго кошт ацэньваецца ў 40 мільярдаў рублёў (ама 634 мільёнаў долараў ЗША).

Бізнес сям’і Пуціна

Паводле BBC, асноўным інвестарам праекту зʼяўляецца страхавая кампанія «Согаз», кіраўніцтва якой таксама цесна звязана з Уладзімірам Пуціным. Намеснік старшыні праўлення «СОГАЗ» – стрыечны пляменнік прэзідэнта РФ Міхаіл Пуцін, а кіруе кампаніяй Антон Усцінаў, у мінулым – дарадца Пуціна па нафце і газу і супрацоўнік апарату кіраўніка «Роснефть» Ігара Сечына, калі той працаваў ва ўрадзе.

Шпіталь для эліты

Адзначаецца, што полісы добраахвотнага медычнага страхавання для сваіх супрацоўнікаў набылі ў «СОГАЗ» структуры «Газпрому», «Раснефти», «Расатома», а таксама ўрад Ленінградскай вобласці. Аднак цяперашнія магутнасці кампаніі – нягледзячы на ​​тое, што яна зʼяўляецца адным з найбуйнейшых страхавальнікаў ў Расеі, – не спраўляюцца з патокам пацыентаў. На думку заснавальніка сеткі шматпрофільных клінік «Скандынавія» і «Ава-Петэр» Глеба Міхайліка, «Согаз» зацікаўлены ў будаўніцтве новага медкомплексу, паколькі «расейскай эліце патрэбен элітны шпіталь».

Раней гендырэктар «Номека» Баранаў у інтэрвʼю «Пятага каналу» адзначыў, што ў медычным цэнтры можна будзе атрымаць паслугі нават па полісу абавязковага медычнага страхавання. У міністэрстве жа аховы здароўя заявілі, што «пакуль пра гэта рана казаць».

Аплочваць лячэнне ў элітным комплексе будзе дзяржава

Асобна BBC адзначае, што галоўнай спецыялізацыяй комплексу, адкрыццё якога запланавана на 2021 год, стане лячэнне раку з дапамогай пратоннай тэрапіі. Аплочваць такую ​​тэрапію для пацыентаў будзе дзяржава са сродкаў Фонду абавязковага медычнага страхавання. У 2020 годзе на гэта выдаткуюць пяць мільярдаў рублёў, ў 2021-м – яшчэ на паўмільярда больш. Гэтых грошай дастаткова на лячэнне толькі двух тысячаў пацыентаў штогод. У Расеі ў такім лячэнні маюць патрэбу ад 25 да 35 тысячаў чалавек у год, з іх каля трох тысяч – дзеці.

Ні сама Варанцова, ні прэс-служба кампаніі «Номека» не адказалі на запыты BBC.

Дочкі Пуціна знайшлі сябе ў бізнесе

Паводле СМІ, старэйшай дачцы Уладзіміра Пуціна Марыі Варанцовай цяпер 34 гады. У сюжэтах федэральнага тэлеканала «Расея» яе назвалі як супрацоўніцы навуковага цэнтру эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя. Агенцтва Reuters ў 2015 годзе паведамляла, што Варанцова – выпускніца факультэта фундаментальнай медыцыны МДУ па спецыяльнасці «Лячэбная справа».

Тэма медыцыны не чужая і для малодшай сястры Варанцовай – Кацярыны Ціханавай. Цэнтр пратоннай тэрапіі будзе пабудаваны ў тэхналагічнай даліне МДУ ім. Ламаносава, якую курыруе кампанія Ціханавай «Иннопрактика». Праектам займаецца дзяржкарпарацыя «Ростех».

Hавiны
Табу зламанае: на тэлебачанні выступае жанчына, пра якую кажуць, што яна дачка Пуціна
2018.12.10 21:59

СК belsat.eu

Стужка навінаў