«Баюся нават у краму выйсці». Беларуская студэнтка просіць МЗС выратаваць яе ад каронавірусу

21-гадовая нарадзінка Берасця Насця Міхальчук прыехала вучыцца ў Хэнь-Аньскі ўніверсітэт у верасні. Яшчэ некалькі месяцаў таму яна і ўявіць не магла, што будзе баяцца выйсці ў краму па прадукты. Дзяўчына расказала Belsat.eu, як трапіла ў пастку каронавіруса і абыякавасці беларускіх дыпламатаў.

Насця Міхальчук

«У Беларусі я вучуся на факультэце журналістыкі ў БДУ. За свой кошт прыехала ў Хэнь-Аньскі ўніверсітэт па праграме абмену досведам. Правінцыя, у якой месціцца ўніверсітэт, называецца Хэнь-Ань. Яна мяжуе з правінцыямі Шань-Сі, Ань-Хуэй, а таксама Ху-Бэй [эпіцэнтр каронавіруса. – заўв. рэд]. Сюды прыехалі каля 20 чалавек. А калі пачалася ўся гэтая заварушка з каронавірусам, 5 студэнтаў вярнуліся ў Беларусь», – распавядае Насця.

Паводле дзяўчыны, студэнты, што засталіся, у разгубленасці і шоку. «Мы не ведаем як паступіць. Грошай на дарагія авіябілеты няма. Ехаць на цягніку ў Чжэнчжоў, каб дабрацца да Пекіна – гэта значыць рызыкаваць. Я тыднямі сяджу ў пакоі інтэрната. Выходжу толькі па прадукты ў краму. Сёння з гэтай крамы хуткая забрала двух чалавек з падазрэннем на каронавірус», – кажа беларуская студэнтка.

Кітайскія студэнты пачалі вяртацца ў Беларусь

Мама Насці працуе санітаркай, а тата зараз на заробках у Маскве і грошай на больш ці менш бяспечны авіяпералёт у іх няма. Гэта каштуе каля $ 700.

«У беларускай амбасадзе ў Кітаі мне сказалі, што вывезці мяне яны не могуць. Калі б я была ў правінцыі Ху-Бэй, дык «была бы іншая размова». У Хэнь-Ані некалькі сотняў зарэгістраваных выпадкаў заражэння. Я не ведаю што мне рабіць. Нас проста тут кінулі», – кажа беларуска.

У інтэрнаце Насці жывуць толькі замежнікі. Кожны дзень студэнты могуць праверыць тэмпературу, але робяць гэта не ўсё.

Пакой інтэрната, у якім жыве Насця Міхальчук

«Некаторым проста ўлом спусціцца тры паверхі. У Беларусі няма нават гэтага. Дзяўчынку, якая вярнулася ў Менск з Кітая, у Нацыянальным аэрапорце нават не праверылі. Яна сама знайшла медпункт, але ён быў зачынены [відэа ёсць у рэдакцыі]», – распавядае Насця.

Беларуска просіць МЗС дапамагчы студэнтам БДУ эвакуявацца іх Кітая.

  • За апошні дзень медыкі зафіксавалі 490 выпадкаў інфекцыі. У свеце, паводле рэсурсу gisanddata, колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам складае 493. Пры гэтым у Кітаі 892 пацыенты паправіліся, а выпісалі ва ўсім свеце агулам 902 чалавека.
  • У Паднябеснай 185 555 чалавек знаходзяцца пад медычным наглядам.
  • Усяго вірус зафіксаваны ў 25-ці краінах свету. У Беларусі гэтай інфекцыі няма.

ЮВ/МВ belsat.eu

Hавiны