«Баявыя вернікі» супраць абаронцаў скверу. Што адбываецца на пратэсце ў Екацярынбурзе


У расейскім Екацярынбурзе чацверты дзень доўжыцца супрацьстаянне паміж жыхарамі гораду, якія выступаюць супраць будаўніцтва храму ў мясцовым скверы, ахоўнікамі ды паліцыяй. Супраць храму выступаюць апазіцыянеры і грамадскія актывісты. Федэральныя тэлеканалы ўжо распачалі атаку на пратэстоўцаў, назваўшы тых «спадкаемцамі д’яблаў». Belsat.eu дэталёва апавядае пра лакальны расейскі бунт.

Да 300-годдзя Екацярынбургу ўлады хочуць збудаваць на месцы гарадскога скверу храм святой Кацярыны. Грошы на гэта выдаткоўваюць буйныя прамысловыя холдынгі «Расейская медная кампанія» і «Уральская горна-металургічная кампанія». Іх кіраўнікі – Ігар Алтушкін і Андрэй Казіцын – вядомыя сваймі шчыльнымі сувязямі з РПЦ, рэгулярна ахвяруюць вялізарныя сумы, а Алтушкін аднойчы нават даў патрыярху прыватны бізнес-джэт для палёту ў Екацярынбург. Раней храм святой Кацярыны збіраліся пабудаваць на востраве пасярод затокі, але пачаліся пратэсты гараджанаў, і ўлады на некаторы час адмовіліся ад такіх планаў. Цяперашні праект зацвердзілі губернатар вобласці, адміністрацыя гораду і Екацярынбургская епархія. Кошт новага храму, паводле ацэнак забудоўніка, складзе 3,5 мільярды рублёў (больш за 15 мільёнаў долараў).

Гэтак павінен выглядаць будучы храм святой Кацярыны ў Екацярынбургу. Фота https://www.rbc.ru/

Грамадскія актывісты і апазіцыйныя палітыкі выступаюць супраць храму. Асноўная прычына – у горадзе вельмі бракуе паркаў. Сацыялагічныя апытанні паказалі, што 21% екацярынбуржцаў не падтрымліваюць ідэю забудовы ў зялёнай зоне. Людзі збіралі подпісы за адмену будаўніцтва, вялі перамовы з мэрыяй і ладзілі вулічныя акцыі, але нічога не дапамагло.

Раніцай 13 траўня вакол месца будаўніцтва паставілі плот. За плотам усталявалі зялёны намёт, дзе, меркавана, знаходзіўся закладны камень будучага храму і адпаведная дакументацыя. Бліжэй да вечара ў скверы пачалі стыхійна збірацца актывісты. За некалькі гадзін колькасць пратэстоўцаў дасягнула прыкладна двух тысяч. На процілеглым баку, за плотам, з’явіліся невядомыя мужчыны спартовага целаскладу і ў чорнай уніформе. Як пазней высветлілі медыі, яны належалі да акадэміі адзінаборстваў пад эгідай «Рускай меднай кампаніі»(РМК) – той самай, што фінансуе храм. Некалькі дзясяткаў такіх байцоў з нашыўкамі «РМК – Безопасность» спачатку выдавалі сябе за «прыхільнікаў храма», некаторыя трымалі ў руках абразы. Калі пратэстоўцы здолелі паваліць плот і наблізіцца да намёту, адзін з «баявых вернікаў» распыліў у вочы актывістцы слезацечны газ з балончыку. У натоўпе перыядычна ўзнікалі патасоўкі.

На трэці дзень пратэст сабраў каля 5 тысяч чалавек. Удзельнікі зладзілі флэшмоб, запаліўшы ліхтарыкі. Яны скандавалі: «Мы за сквер» і патрабавалі адстаўкі губернатара вобласці Яўгена Куйвашава. Людзі таксама крычалі «Мы не бесы» – раней тэлевядоўца-прапагандыст Уладзімір Салаўёў назваў праціўнікаў храму «спадкаемцамі бесаў». Да пратэстоўцаў прыходзілі на перамовы святары, але плёну гэта не прынесла. Збольшага атмасфера на мітынгу панавала святочная: музыка, спевы, перформансы, але скончылася «свята» прадказальна для сучаснай Расеі – гвалтам.

Паліцыя пэўны час не ўмешвалася ў супрацьстаянне, затрымліваць пратэстоўцаў пачалі на другі дзень. Людзей выцясняў са скверу АМАП у поўнай экіпіроўцы. Усяго, паводле мясцовага выдання Znak.com, па стане на вечар 15 траўня сілавікі затрымалі 47 асобаў, пазней паведамлялася пра яшчэ 14, сярод іх былі няпоўнагадовыя. АМАП наступаў на шэрагі пратэстоўцаў, тыя ў адказ навальваліся на іх жывой «сцяною». Мясцовыя медыі пішуць пра «даволі жорсткія затрыманні» – людзей клалі на зямлю, заломвалі ім рукі. На момант напісання тэксту 21 чалавек атрымаў адміністратыўны арышт.

Той самы “плот разладу”. Фота ura.ru

У Крамлі разгон палічылі апраўданым. «Сілавы сцэнар апраўданы, калі гаворка ідзе пра правакацыі. Там таксама не абышлося без тых, хто правакуе, гэта выклікае адпаведныя дзеянні сілавых ведамстваў. Але там ідзе і тлумачальная праца. Вельмі шмат ілжывай інфармацыі», – заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Разгон пратэстоўцаў, фота 66.ru

«Людзі стаміліся ад клерыкальнай прапаганды». Публіцыст і палітолаг з Екацярынбургу Фёдар Крашэннікаў, які ад першага дня сочыць за падзеямі ў горадзе, кажа, што пратэст не носіць выключна палітычны характар, пры гэтым радыкалізацыя – цалкам магчымы сцэнар.

«Не трэба выдаваць жаданае за рэальнасць. Шмат каму хацелася б, каб у натоўпе гучала «Банду Пуціна пад суд», але гэта, у першую чаргу, не палітычны, стыхійны пратэст, ён не мае нейкага выразнага лідара. Наагул, сёння вывесці людзей пад чыста палітычнымі лозунгамі складана. Насуперак крамлёўскай прапагандзе, якая хоча бачыць за пратэстам умоўны штаб Навальнага або Дзярждэп, мы тут назіраем абурэнне звычайных грамадзянаў простай і зразумелай рэччу – у іх адбіраюць любімы сквер», – распавёў Крашэннікаў у інтэрв’ю belsat.eu.

Паводле словаў эксперта, гараджане ў розных формах выступаюць супраць храму з 2010 года. «А сёлета ўсё супала з надвор’ем, яно было цёплае і паспрыяла выхаду на вуліцу», – кажа ён. На думку Крашэннікава, будаўніцтвам храму «улады, алігархі і царквы прыгаварылі сквер», і людзі ўрэшце не вытрымалі. «На настроі екацярынбуржцаў наслаілася стомленасць ад клерыкальнай прапаганды: сапраўдных вернікаў тут жыве мала, і епархія вымушаная была звазіць на крыжовыя хады людзей аўтобусамі з усяго рэгіёну», – мяркуе палітолаг.

Што датычыць прагнозу на далейшае развіццё падзеяў, Крашэннікаў сцвярджае:

«Безумоўна, пэўная палітызацыя ідзе, і можа знайсціся агрэсіўная меншасць (нейкія ультралевыя або ультраправыя), хто пойдзе на радыкальныя метады. Такія заўжды існуюць. Але трэба разумець, што галоўным правакатарам з’яўляецца сама ўлада, якая метадычна сваймі дзеяннямі падштурхоўвае людзей да пратэстаў».

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў