Культ савецкай перамогі ў Другой сусветнай вайне застаецца грунтам ідэалогіі сучаснай рэжымнай прапаганды. Але цынізм і адсутнасць элементарнай культуры сярод кіроўнай групоўкі размываюць і гэты грунт. Учорашні дзень даў чарговы яскравы прыклад гэтага працэсу – медаль «За адвагу» атрымаў адзін з вядомых тэлепрапагандыстаў – Рыгор Азаронак.
Медаль «За отвагу» (з расейскамоўнай назвай, беларускамоўнай не існавала) быў найвышэйшым медалём у СССР – яго давалі толькі за асабістую мужнасць на полі бою. З гэтай прычыны савецкія франтавікі ўзнагароду асабліва цанілі. Ва Уладзіміра Высоцкага ёсць радкі:
И если не поймаешь в грудь свинец,
Медаль на грудь поймаешь «За отвагу».
Можна паглядзець, за якія канкрэтна ўчынкі давалі гэты медаль. Набіраем распаўсюджанае беларускае прозвішча, атрымліваем:
«Аўтаматчык Адамовіч Пётр Архіпавіч… у баі за авалоданне горадам Чэрск 20 лютага 1945 года… у рукапашнай схватцы знішчыў агнём свайго аўтамата і гранатамі 3 нямецкіх жаўнераў».
Пасля Другой сусветнай вайны самая паважаная медаль часам выкарыстоўвалася як адзін з савецкіх сімвалаў перамогі, а таксама выдавалася толькі за гераічны ўчынак у баі. У Беларусі гэты медаль зноў увялі ў сістэму ўзнагародаў у 1995 годзе – у межах, відаць, разгорнутай Лукашэнкам кампаніі рэстаўрацыі ўсяго савецкага. Медаль таксама павінны былі атрымліваць людзі, якія вызначыліся асабістай мужнасцю.
Гэтак, першымі атрымалі ўжо беларускі медаль «За адвагу» ў 1996 годзе міліцыянты за захоп асабліва небяспечных злачынцаў, у тым жа годзе ўзнагароду пасмяротна атрымаў гомельскі міліцыянт Анатоль Бурлак, які загінуў падчас арышту злачынцы.
Якім жа гераічным чынам заслужыў такі медаль Азаронак? У паведамленні Адміністрацыі прэзідэнта пра гэта не распавядаюць – больш за тое, пішуць, што работнікам СМІ гэтым разам давалі дзяржаўныя ўзнагароды за «высокі прафесіяналізм, асабісты ўнёсак за развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі». То бок быццам бы пра асабістую мужнасць размовы зусім няма.
Можа, сучасная «мужнасць» лукашэнкаўскага прапагандыста ў тым, каб выйсці да мірных дэманстрантаў, дзе максімальная рызыка – атрымаць падсрачнік?
Як бы там ні было, факт застаецца фактам: медаль за мужнасць літаральна быў кінуты ў бруд.
Можна ўявіць тое, што думае наконт гэтага ўзнагароджання любы шчыры вайсковец ці міліцыянт, якія могуць атрымаць гэты медаль толькі рызыкуючы жыццём.
Прошлогодний Азаренок рассказывает, как один Лукашенко победил мультяшку. На серьезных щах. pic.twitter.com/AuLpvBA8mL
— Ivan Radziankou (@Veterrr) January 4, 2021
І гэта зрабілі тыя самыя людзі, якія праліваюць кракадзілавыя слёзы па «вялікай перамозе», па «нашым вечным даўгу перад ветэранамі» і па «подзвігу савецкага народу» кожнага 9 траўня. Людзі, якіх так абурае «фашысцкі» бел-чырвона-белы сцяг каля музею ВАВ у Менску.
Цікава, ці пачуем мы ў сувязі з нечуваным ганьбаваннем баявой узнагароды – а значыць і ўсіх, хто яе насіў – словы абурэння з боку афіцыйных ветэранскіх арганізацыяў? Бярэ сумнеў. Наўрад ці нешта скажуць таксама і афіцыйныя прадстаўнікі Мінабароны і МУС.
Аднак несумнеўна тое, што пакуль яшчэ існы рэжым упарта дзейнічае адпаведна жарту пра «цара Антымідаса». Герой грэцкіх міфаў цар Мідас, як вядома, меў здольнасць усё, да чаго дакранецца, пераўтвараць у золата. Антымідас пераўтварае ўсе, скажам мякка, у натуральныя ўгнаенні.
Менавіта гэта зараз робіць кіроўная групоўка з савецкай памяццю пра вайну дый са сваім іміджам абаронцы гэтай памяці.
Значыць, у будучай Беларусі ў многіх людзей на пару ілюзіяў будзе менш.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.