«Баяліся, што гэта можа быць другі Казакевіч». У Магілёве псіхічна хворага студэнта судзяць за экстрэмізм


У Магілёўскім абласным судзе адбываецца судовы працэс над псіхічна хворым хлопцам, які мае 2-ю групу інваліднасці. Аляксандра Я. абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі за прапаганду радыкальнага ісламу, фашызму і нацызму. Экстрэмізм Следчы камітэт знайшоў у дзеяннях і публікацыях студэнта.

Маляваў свастыку, крычаў «Алах акбар!»

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Аляксандр рабіў публікацыі, якія, паводле следства, трапляюць у пералік экстрэмісцкіх. Прыцягнулі ўвагу і паводзіны Аляксандра ў Магілёўскім філіяле Беларускага інстытуту правазнаўства, дзе ён навучаўся на завочнай форме. Пацярпелыя называюць паводзіны Аляксандра «прапагандай гвалтоўных дзеянняў у дачыненні прадстаўнікоў групаў, якія вылучаюць паводле расавай і нацыянальнай прыналежнасці», і называюць Аляксандра «прыхільнікам ідэяў неанацызму і радыкальнага ісламу».

Аляксандр Я. Здымак з сацыяльных сетак

Сведкі сцвярджаюць, што малады чалавек «зігаваў» пры ўваходзе ў інстытут, абражаў студэнтаў (абзываў жыдамі і жыдамасонамі), выказваў пагрозы ў іхны бок, маляваў на дошцы свастыку, мог паводзіць сябе агрэсіўна, уключаў фашысцкія маршы, чытаў каран ды выкрыкваў «Алах акбар!».

Затрымлівалі ўпяцёх

Вядома, што 13 снежня 2017 года Аляксандра гвалтоўна затрымалі пяцёра амапаўцаў на чале з супрацоўнікамі ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю, калі ён быў адзін удома. На руках у хлопца было накіраванне на стацыянарнае лекаванне ў абласную псіхіятрычную больніцу, але на гэта не звярнулі ўвагі. Ужо пазней за парушэнні падчас вобшуку Міхаіла Малчанава, старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага следчага камітэту, прыцягнулі да матэрыяльнай адказнасці.

Аляксандр ужо 5 месяцаў застаецца ў магілёўскай турме. 9 лютага судова-псіхіятрычная экспертыза прызнала, што хлопец не адказваў за свае дзеянні падчас здзяйснення правапарушэння. Гэтыя вынікі паставілі пад сумнеў наўмыснае злачынства па 130 артыкуле. Таму суд будзе вырашыць пытанне пра захады бяспекі ды лячэнне Аляксандра.

Магілёўскі абласны суд, які разглядае справу Аляксандра Я.

Калі Аляксандр ужо быў у зняволенні, з’явілася новае абвінавачанне: паводле артыкулу 339 КК, «хуліганства». За інцыдэнт, да якога ніхто не меў прэтэнзіяў. Усё здарылася ў калідоры Беларускага інстытуту правазнаўства, дзе навучаўся хлопец. Бок абвінавачвання даводзіць, што Аляксандр з крыкамі «Алах акбар» нагой адчыніў дзверы кабінету, за якімі стаялі дзве студэнткі. Дзверы зачапілі палец адной з дзяўчат, другую ўдарылі па шчацэ і назе.

Студэнткі не звярталіся па медычную дапамогу і не здымалі пабояў. Паведамілі пра інцыдэнт выключна кіраўніцтву навучальнай установы. Але цяпер на судовым працэсе яны фігуруюць у якасці пацярпелых. Бок абароны мяркуе, што дзяўчаты маглі напісаць заяву пад прымусам. Тым больш што паказанні ўсіх пацярпелых супадаюць слова ў слова.

Іншыя несупадзенні ў справе

Аляксандра пазбавілі права ўдзельнічаць у працэсуальных дзеяннях праз псіхічную хваробу, таму ягоныя інтарэсы рэпрэзентуе бацька. У сваім выступе ён заявіў пра фальсіфікаванне справы. З ягоных словаў, у якасці сродку злачынства ўказваецца смартфон, які насамрэч быў набыты ўжо пасля таго, як зʼявіліся спрэчныя публікацыі. Да акаўнту Аляксандра мелі доступ і ягоныя сябры, такія ж псіхічна хворыя людзі, але следства не стала высвятляць, хто менавіта рабіў публікацыі.

Адзін з допісаў Аляксандра ў сацыяльных сетках

Пытанні ёсць і да зместу публікацыяў. Напрыклад, адну з карцінак бацька Аляксандра знайшоў на вокладцы буйной беларускай газеты. А песня, якую ўключаў Аляксандр у інстытуце і якую студэнты называюць фашысцкай, насамрэч народная песня брэтонцаў.

Карцінка, якую бацька Аляксандра знайшоў на вокладцы буйной беларускай газеты

«Майго сына называюць прыхільнікам ідэяў неанацызму і радыкальнага ісламу. Чаму на судзе гэтыя сведкі не змаглі адказаць на маё пытанне, што такое «радыкальны іслам»? – падкрэслівае бацька затрыманага Юрый.

Дырэктар пісаў дакладныя ў КДБ

У судовым працэсе выступілі супрацоўнікі Магілёўскага філіялу Беларускага інстытуту правазнаўства. Згодна з іхнымі сведчаннямі, Аляксандр – здольны і адукаваны студэнт, але праз свае праблемы са здароўем не знайшоў паразумення з аднакурснікамі. Са словаў выкладчыкаў, Аляксандр часам мог паводзіць сябе дзёрзка і нахабна.

Магілёўскі філіял Беларускага інстытуту правазнаўства

Некаторыя сведчылі, што хлопец дасылаў ім на тэлефон паведамленні з масонскімі сімваламі, ад чаго рабілася непрыемна. Праз неадэкватныя паводзіны студэнта дырэктар ВНУ дакладаў свайму куратару ў КДБ.

«А чаму вы звярнуліся менавіта ў КДБ, а не ў міліцыю ці іншыя органы? – цікавіліся на судзе бацька зняволенага, суддзя і пракурор. – А ў нас з імі самая шчыльная сувязь», – адказваў дырэктар.

Таксама на судзе ў супрацоўнікаў навучальнай установы пыталі, ці ўспрымалі яны словы хлопца як пагрозу. Усе сведкі сышліся на тым, што рэальнай пагрозы не адчувалі.

Следства баялася, што гэта можа быць другі Казакевіч

Сваякі Аляксандра Я. не разумеюць, навошта яго дагэтуль трымаюць у турме, калі хлопцу неабходна медычная дапамога. Акрамя псіхічнага захворвання малады чалавек мае і фізічнае. Яму ўвесь час патрэбныя лекі, якія на пачатку ў турме прымаць адмаўляліся.

«Утрыманне ў турме пагаршае псіхічны і фізічны стан майго сына. Навошта рабіць шкоду чалавеку, даводзіць яго здароўе да такога стану, што ягоную звычайную дозу лекаў зараз павялічылі ўдвая? Хай напачатку яны баяліся, казалі, што гэта можа быць другі Казакевіч, але пасля экспертызы чаму яны яго не пераводзяць? Мы толькі хочам, каб нашага сына перавялі ў закрытае аддзяленне псіхіятрыі, туды, дзе яму дапамогуць, а не зломяць псіхіку канчаткова», кажа маці Аляксандра Я.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары