«Бацюшку са свастыкай» пагражае да 10 гадоў турмы і канфіскацыя маёмасці


Святару з паселішча Гатава Канстанціну Бурыкіну, больш вядомага як «бацюшка са свастыкамі», выставілі абвінавачванне. Яго справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Следчы камітэт арыштаваў Бурыкіна паводле абвінавачання ў незаконным абароце боепрыпасаў (ч. 2 арт. 295 КК). Да гэтага артыкулу дадалі трэцюю частку таго ж артыкула: «тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове».

Бурыкіну пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў, або пазбаўленне волі ад 2 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.


Нарадзінец Омску і грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін да нядаўняга часу быў зоркаю беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў ды газетаў. Па-першае, як святар без духоўнай адукацыі, які ўзначаліў царкву ў паселішчы Гатава каля Менску.

Па-другое, Бурыкін зарганізаваў пры царкве спартовы клуб і фактычна ўзначаліў Беларускую федэрацыю паўэрліфтынгу, зрабіўшыся намеснікам намінальнага старшыні палкоўніка міліцыі Генадзя Калесніка. Бурыкін прапагандаваў сямейныя каштоўнасці і здаровы лад жыцця.

Але ў лістападзе летась стала вядома пра іншыя каштоўнасці бацюшкі Канстанціна. З расследаванняў незалежных журналістаў стала вядома, што Бурыкін праводзіў махінацыі з вялікімі бюджэтнымі сумамі, вылучанымі на спорт, і не кінуў сваіх нацысцкіх поглядаў. Раней ён быў святаром пры беларускім аддзяленні РНЕ – неанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство».

На целе Бурыкіна дасюль застаюцца свастыкі. Праваслаўны бацюшка падтрымліваў шчыльныя кантакты з пракрамлёўскімі праімперскімі арганізацыямі, беспасярэдне з гатаўскае царквы. Удома ў праваслаўнага бацюшкі знайшлася і лямпа-свастыка, і карціна аўтарства Бурыкіна ў стылістыцы Трэцяга Райху.

ДР belsat.eu паводле nn.by

 

Стужка навінаў