«Бацьку пашанцавала з алібі». Міліцыя даслала пратакол за ўдзел у акцыі нябожчыку, які памёр 7 гадоў таму


Сваякі Аляксандра Мельнікава атрымалі па пошце копію пратаколу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на імя і адрас Аляксандра Мельнікава, які памёр сем гадоў таму, паведамляе Tut.by. «Пратакол прачытала мама, яна вельмі знервавалася», – дадаў Антон Мельнікаў, сын нябожчыка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У пратаколе напісана, што грамадзянін «прымаў актыўны ўдзел» у мітынгу. Хаця і не супадаў год народзінаў: Мельнікаў Аляксандр Яфімавіч, па пратаколе, нарадзіўся ў 1978-м. Аляксандр Мельнікаў, сваякам якога прыйшло паведамленне, – у 1945-м.

У Першамайскі РУУС Менску сям’я звяртацца не стала. «Размаўляць з міліцыяй няма жадання. Ёсць толькі жаданне знайсці таго моцнага медыюма і падзякаваць бацьку за ягоную грамадзянскую пазіцыю. Калі б ён быў жывы, пэўна ж, два сведкі бадзёра сцвярджалі б, што бачылі акурат яго, акурат у тым месцы і ў той час. Бацьку пашанцавала з алібі», – іранізуе сын Антон Мельнікаў.

У міліцыі рэдакцыі Tut.by сказалі, што здарылася тэхнічная памылка, што з такім імем, прозвішчам і імем па бацьку ёсць некалькі чалавек, і што міліцыя просіць прабачэння.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў