Бацьку душыў дубінкай «чалавек у чорным», сын заступіўся – абодвум пагражае да 6 гадоў за кратамі. Аповед бабруйчанкі


Ігара і Алега Букасаў – бацьку і сына з Бабруйску – абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні супрацоўніка міліцыі. Іхныя родныя сцвярджаюць: білі не яны, а іх, і сын кінуўся бараніць бацьку.

У панядзелак 10 жніўня сям’я Букасаў выйшла на вечаровы шпацыр па плошчы Леніна ў Бабруйску, хацелі зайсці ў мясцовую краму, набыць прадукты, распавяла Алена, жонка і маці затрыманых. У 21.15, ужо каля крамы, яны пабачылі нейкі канфлікт на дарозе – там стаяў супрацоўнік ДПС, шмат людзей, крычала жанчына.

Алег Букас. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Муж выказаў здагадку, што, магчыма, некаму патрэбная дапамога, і мы падышлі да гэтага натоўпу», – распавяла Алена.

Ігар Букас запытаўся ў супрацоўніка ДПС, што здарылася. Аказалася, там затрымалі кіроўцу, «які ўключыў нейкую музыку, якая не спадабалася даішніку, здаецца, гэта быў Цой». Працаўнік ДАІ сабраўся выпісваць штраф. Людзі, паводле Алены, спрабавалі адстаяць чалавека, пыталіся, за што штраф, прасілі адпусціць хлопца.

«Даішнік у нейкі момант стаў штурхаць рукою майго мужа – маўляў, хто ты такі, ідзі адсюль, – распавядае далей спадарыня Букас. – Муж запытаўся: навошта ты яго караеш? Ты ж такі чалавек, як і ён. У сваім аўтамабілі ён можа слухаць тую музыку, якую хоча. І раптам гэты даішнік падымае руку ў бок людзей у масках у чорным і кажа: сюды, браць. Літаральна праз секунду майго мужа павалілі тварам на зямлю і пачалі біць галавой аб асфальт. Ён прасіў, каб яго не білі, казаў, што не будзе аказваць супраціву: маўляў, я стары чалавек ужо, мне 54 гады, што вы робіце? А супрацоўнік ДПС глядзеў на гэта і нібыта задавальненне атрымліваў – проста назіраў, як здзекаваліся з майго мужа. Потым чалавек у чорным сеў на спіну Ігару, дубінку падклаў пад падбароддзе і пачаў майго мужа проста душыць».

Hавiны
Бясконцая ноч катаванняў у аўтазаку і РАУС. Юнака схапілі амапаўцы, калі той вяртаўся дадому
2020.08.19 11:04

У гэты момант падбег Аленін сын – Алег, узгадвае жанчына. Ён крычаў: «Бацю майго біць? Я не дазволю!»

«І я разумею яго, кожны чалавек у такой сітуацыі кінуўся б на дапамогу, – кажа Алена. – Я сама хацела, але мяне дачка спыніла. Зразумела, што сын мог і рукой некага з супрацоўнікаў тады адштурхнуць – гэта нармальная рэакцыя чалавека, калі б’юць твайго блізкага. Б’юць маю сям’ю. За што? Як я буду стаяць і глядзець на гэта? Праз момант я ўбачыла, што некалькі гэтых супрацоўнікаў ужо кінуліся на сына. Я тады стала крычаць: «Людзі, дапамажыце, калі ласка, бо заб’юць!» Я такога дзікунства яшчэ не бачыла за ўсе свае 52 гады. Калі іх забралі, дачка сфатаграфавала лужыны крыві на асфальце, яны дагэтуль там».

Ганна i Алена Букасы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Алена двое содняў не магла знайсці мужа і сына. Яна напісала заяву ў Следчы камітэт, што ейныя блізкія былі збітыя і зніклі. Толькі 13 жніўня жанчына даведалася, што сын і муж у СІЗА, і што іх абвінавачваюць паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі – гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў.

«Але калі там і быў гвалт, то якраз з боку гэтых органаў, – кажа Алена. – А мой сын заступаўся за бацьку. І нават калі ён пры гэтым махаў рукамі, гэта нармальна – заступіцца за чалавека, якога збіваюць і душаць. Я не разумею, за што майго сына і мужа трымаюць за кратамі. Сыну 24 гады, у яго тры месяцы таму нарадзілася дачка. Цяпер ягоная сям’я засталася без сродкаў да існавання».

Кроў на асфальце, дзе збівалі Ігара Букаса. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Ганна, жонка Алега Букаса, не бачыла затрымання, яна была дома з трохмесячнай дачкой.

«У 21.11 мне патэлефанаваў муж, сказаў, што яны падыходзяць да крамы, а ў 21.20 патэлефанавала ягоная мама і сказала, што нашых забралі, – кажа Ганна. – Мне вельмі цяжка цяпер. Мы жылі адной сям’ёй, і раптам гэтую сям’ю разбіваюць. З-за перажыванняў у мяне знікла грудное малако, відавочна, мне давядзецца пераводзіць дачку на сумесі. Мужу, кажуць, можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі. Ні на якія пратэсты ні муж, ні свёкар не збіраліся. Зразумела, што мы сочым за сітуацыяй у краіне, але мы проста жывем звычайным жыццём. І яны ішлі не на плошчу, а ў краму па ежу».

Hавiны
Майстру музычных інструментаў сілавікі знявечылі пальцы, наступалі нагамі на шыю і галаву
2020.08.19 22:42

Жанчыны кажуць, што іх не пускаюць да Ігара і Алега, нічога не кажуць пра стан, у якім цяпер іхныя блізкія. Алена распавядае, што затрыманыя, якія сядзелі разам з ейным мужам і сынам, казалі, што Ігар цягам двух содняў грукаўся ў сцены камеры і прасіў, каб да яго выклікалі доктара, што ён быў моцна збіты, магчыма, зламаны нос, у крыві была ўся кашуля.

Цяпер Алена і Ганна Букас працуюць з адвакатамі ды спрабуюць абараніць сваіх родных мужчынаў.

НА belsat.eu

Стужка навінаў