Бацькі забіраюць дзяцей са школы. У тым ліку праз ідэялогію


Атэстат у хатніх умовах – магчыма і ў Беларусі. У гэтым навучальным годзе пэўная колькасць дзяцей застануцца дома, дзе будуць навучацца паводле індывідуальна складзеных праграмаў. Гэтак сем’і ўцякаюць ад «ураўнілаўкі» ў атрыманні ведаў, ад выканання планаў, БРСМу і збораў на новыя школьныя вокны. Альтэрнатыву прапаноўвае праект «Школа мары», створаны пасля выбараў стартап хабу «Імагуру».

Канферэнцыя па альтэрнатыўным навучанні ў школе. Стартап хаб Імагуру.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

Атэстат у хатніх умовах – магчыма і ў Беларусі

Нефармальная вышэйшая адукацыя ў Беларусі ўжо існуе – гэта і платныя курсы каледжу ECLAB, і бясплатная дадатковая адукацыя ў Лятучым універсітэце. Мноства прапановаў і ў атрыманні дыплому шляхам онлайн-навучання. Ад дзяржаўнай праграмы адукацыі гэтыя формы навучання адрознівае гнуткасць, індывідуальны падыход да студэнта, сучасныя веды і магчымасць раўнапраўнага дыялогу з выкладчыкамі.

Бацькі хочуць пераменаў для сваіх дзяцей і ў абавязковай сярэдняй адукацыі. Традыцыйная беларуская школа адпалохвае састарэлай навучальнай праграмай і падручнікамі, на якія наракаюць не толькі дзеці, але і настаўнікі. Як школьную праграму, гэтак і дзяцей ставяць у планавыя, а часта ідэалагічныя межы. Дзяцей прымушаюць запісвацца ў БРСМ, ствараць паказную масоўку з вучняў на матчах, што не выхоўвае вольнага і моцнага характару і не падабаецца шмат каму з бацькоў.

Канферэнцыя па альтэрнатыўным навучанні ў школе. Стартап хаб Імагуру.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

Выхадам можа стаць альтэрнатыўнае навучанне, дзе націск быў бы на якасную адукацыю, павагу, адкрытасць і права выбіраць.

Першая ў Беларусі ініцыятыва, якая ўзялася за пошук нефармальных магчымасцяў – платформа «Вольная школа». Яна існуе толькі 15 дзён, а ўжо сабрала вакол сябе амаль 2000 бацькоў і педагогаў, некаторыя з якіх аб’ядноўваюцца ў кааперацыі для нефармальнага навучання дзяцей.

На сустрэчы з тымі, хто шукае альтэрнатыву, заснавальніца «Вольнай школы» Вікторыя Онахава-Жураўлёва прапанавала:

«Мы можам збірацца разам, агучваць свой запыт грамадству, школе і шукаць спосабы рэалізацыі. Я прапаноўваю аб’ядноўвацца ў невялічкія кааперацыі, шукаць настаўнікаў, памяшканні ці онлайн-навучанне.

Бацькі, якія цікавяцца індывідуальным навучаннем дзяцей у школе. Стартап хаб Імагуру.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

«Дзецям неабходна даць інфармацыю, у якой яны сапраўды маюць патрэбу. Да таго ж трэба зніжаць ціск на нашых дзяцей з боку сістэмы адукацыі, адміністрацыі школы, настаўнікаў, дазваляць шукаць сябе ў навучальным працэсе».

Вікторыя распавяла, што ўжо паўстаюць такія кааперацыі. У Фрунзенскім раёне некалькі групаў гатовыя пачаць займацца ад 1 верасня. Бацькоўскія чаты можна знайсці на адмысловай мапе.

«Я назіраю крызіс у сістэме адукацыі Беларусі. Рашэнне пераводзіць дзяцей на іншыя формы навучання дасць яркі сігнал, што нам не пасуе тое, што прапаноўвае школа. Мы ўсе закладнікі гэтай сістэмы: і бацькі, і дзеці, і настаўнікі. Сёлета я зразумела, што так больш не можа працягвацца.

Я не хачу, каб мае дзеці заставаліся ва ўмовах эмацыйнага ціску, каб школа навязвала нейкія патэрны, каб трэба было браць дадатковую адукацыю для маіх дзяцей», – падзялілася заснавальніца ініцыятывы.

У жанчыны 13 дзяцей, 8 з іх сёлета будуць навучацца дома самастойна.

«Я маю досвед, калі два мае сыны вучыліся дома паводле індывідуальнага плану. Гэта былі лепшыя школьныя гады ў іх жыцці. Дзеці баяліся ісці ў школу, шукалі спосабы не сутыкацца з траўматычнымі для іх падзеямі ў школе. Усплывае пытанне, ці не завялікі кошт мы плацім за вось гэтыя пасведчанні і атэстаты».

«Трэба пазмагацца, але нефармальнае навучанне магчымае»

… – запэўнівае адвакатка Кацярына Сельвястровіч.

Адвакатка Кацярына Сельвястровіч. Канферэнцыя па альтэрнатыўным навучанні ў школе.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

«Страх, які бывае пры ўзаемадзеяннях з школьнаю адміністрацыяй, часта выкліканы тым, што бацькі не ведаюць сваіх правоў. Артыкул 31 Кодэксу аб адукацыі кажа, што кожны вучань мае права на навучанне паводле індывідуальнага плану. Бацькі маюць права звярнуцца з заяваю ва ўстанову адукацыі. Цягам 20 дзён кіраўнік прымае рашэнне».

Кацярына тлумачыць, што нормаў у заканадаўстве па гэтым пытанні мала і дакладных крытэраў, чаму дзіця можа змяніць форму навучання, а чаму не, няма. Напрыклад, у вас могуць быць такія аргументы:

  • у вас маленькае дзіця, старэйшага вазіць у школу няма магчымасці,
  • адзін з бацькоў мае раз’язны тып працы,
  • дзіця займаецца ў творчай ці спартовай студыі,
  • дзіцяці псіхалагічна цяжка навучацца ў калектыве,
  • эпідэміялагічная сітуацыя з-за каронавірусу.

«Заўсёды трэба падрыхтавацца юрыдычна. Вы павінныя разумець, якія вы маеце правы, якія абавязкі мае школа і як вы можаце настойваць на сваім выбары. Я прытрымліваюся таго, каб дэталёва распісваць, чаму дзіця не можа наведваць заняткі, падаць заяву і прыкласці максімум дакументаў і даведак», – лічыць Кацярына.

Вытрымкі з закону, якія рэгулююць права на індывідуальнае навучанне. Стартап хаб Імагуру.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

Арганізаваць індывідуальны план і атэстацыю вучня – абавязак адміністрацыі школы. Якім чынам – залежыць ад адукацыйнай установы. Зазвычай для атэстацыі прадмету трэба не менш за тры адзнакі. Кацярына падказвае – каб падабраць найлепшы план навучання, варта падтрымліваць кантакт з настаўнікамі.

«У нейкіх школах амаль штотыднёва трэба пісаць кантрольныя, дзесьці трэба выканаць заданне дома і даслаць педагогу, дзесьці абавязковая прысутнасць на квартальнай кантрольнай. Школы не вельмі ахвотна ідуць на такія саступкі. Я б раіла перадусім прыйсці да дырэктара, трошку супакоіць яго. Гэта ўжо больш псіхалагічны момант узаемадзеяння з адміністрацыяй».

Часам адміністрацыя цісне на бацькоў пагрозай прызнання сацыяльна небяспечнага становішча дзіцяці.

«Гэта абсалютна не так. У заканадаўстве адзіны паказнік сацыяльна небяспечнага становішча, які датычыць школы, гучыць так:

«Бацькі перашкаджаюць атрыманню дзіцём абавязковай агульнай базавай адукацыі (у любой форме яго атрымання). Мы ўсе разумеем, што перашкоды няма. Заклікаю ўсіх рэагаваць на гэта. Адзінае, чаго баіцца школа як адміністрацыя – гэта пісьмовыя заявы. Тое ж датычыць працэсу атэстацыі. Калі вы разумееце, што ёсць нейкі псіхалагічны ціск, пытанне трэба выносіць на ўзровень кіраўніка. Часцей за ўсё на гэтым ціск заканчваецца. Патрэбная адвага, упэўненая пазіцыя. У мяне парада, каб бацькі ўдаваліся ў юрыдычныя падставы сваіх патрабаванняў. Лепш пракансультуйцеся з юрыстамі, адвакатамі. Калі адміністрацыя мае свае аргументы, то прасіце абгрунтаваць іх прававымі нормамі».

Канферэнцыя па альтэрнатыўным навучанні ў школе.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

Як жа навучацца па-за сценамі школы?

Наста Базар, стваральніца сямейных кааператываў, прапаноўвае некалькі варыянтаў:

«Ёсць сямейная адукацыя, калі бацькі самастойна навучаюць. Самы распаўсюджаны варыянт – сямейныя кааперацыі, калі некалькі сям’яў наймаюць педагога, якому плацяць, як рэпетытару. Гэта абсалютна легальна. Ёсць варыянт пераводу ў прыватныя школы, дзе ўжо будзе падрыхтаваны індывідуальны план».

Наста Базар прамаўляе на канферэнцыі па альтэрнатыўным навучанні ў школе.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

Прадстаўнікі некаторых прыватных школ пад час адмысловай канферэнцыі агучылі настаўнікам і бацькам свае прапановы. Ад 1 верасня запрацуе SMART school. Пакуль што набіраюць толькі 1-3 класы. «LUCh» прапануе набор у 5, 6 і 7 класы. Пра гібрыднае ці цалкам онлайн-навучанне распавялі прадстаўнікі школ «Prime» і «Айтиландия».

«Акрамя школьнай праграмы мы прапаноўваем прадметы, якія патрэбныя ў рэальным жыцці. Гэта аратарскае майстэрства. Матэматыка з элементамі фінансавай адукаванасці. Гэта рэчы, якія спатрэбяцца дзіцяці: як набыць тэлефон, лепш узяць у растэрміноўку ці назапашваць грошы. Гэта тое, што мы намагаемся развіваць», – распавядае Таццяна Курэц, дырэктарка анлайн-школы «Prime».

Валерыя з сынам Маркам. Канферэнцыя па альтэрнатыўным навучанні ў школе. Стартап хаб Імагуру.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

Валерыя, якая прыйшла на канферэнцыю са сваім сынам, з формай навучання яшчэ не вызначылася:

«Нас адпалохвае, што для 3-га класу пакуль што не вельмі шмат прапановаў, наборы з 5-га класу. Спыняе і кошт навучання – ад 500 долараў у месяц. На фоне апошніх падзей (нашая школа не вельмі добра сябе паказала ў гэтай сітуацыі) мы задумаліся пра тое, каб перайсці ці ў сямейную кааперацыю ці ў прыватную школу. Я спадзявалася сёння з кімсьці пазнаёміцца і стварыць кааперацыі. Ужо ёсць чаты па раёнах, куды далучаюцца людзі, якім гэта цікава. Будзем працаваць у гэтым кірунку».

Першую чвэрць Валерыя яшчэ збіраецца аддаваць сына ў школу, але бачыць у дзяржаўных установах адукацыі шмат недахопаў:

«Адсутнасць развіцця, не толькі разумовага, але і культурнага. Школа таксама ўсталёўвае рамкі. Не ўсе дзеці здольныя ў такіх рамках атрымліваць якасную адукацыю і развівацца. Майго сына гэта датычыць. Ён вельмі актыўны і творчы. Часам яму цяжка супрацьстаяць тамтэйшай абмежавальнай сістэме».

Дзіяна Раткевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў