Бацька палітзняволенай гарадзенкі: Магчыма, мая дачка трапіла ў закладнікі


12 лістапада ў Менску затрымалі шэраг актыўных студэнтаў, сярод якіх апынулася гарадзенка Кася Будзько. Дзяўчына праходзіць у крымінальнай справе і застаецца ў СІЗА на Валадарскага.

Даведка
Кася – студэнтка 3 курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту, прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС). Ёй 19 гадоў, родам з Горадні, мастачка. Сябры кажуць пра яе як пра смелую, свабодалюбівую, баявую і актыўную асобу, якая думае па-свойму, не баіцца цяжкасцяў, заўсёды гатовая дапамагаць іншым і адстойваць свае погляды.

Што здарылася?

12 лістапада а 10-й гадзіне раніцы ў кватэру, дзе жыла Кася, уварваліся невядомыя. Дзверы выламалі, у кватэры правялі ператрус – забралі кампутар, а Касю завезлі ў КДБ.

У гэты дзень былі затрыманыя 10 моладзевых актывістаў, студэнтаў розных ВНУ Беларусі, сярод якіх сяброўка Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрамарыям, прэс-сакратарка ЗБС Ксенія Сырамалот, студэнтка БДПУ Яна Арабейка. Таксама з ператрусам прыйшлі ў офіс ЗБС.

Кася Будзько. Фота з сацыяльных сетак

Што вядома на сёння?

Касю абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Ёй закідаюць арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх. Разам з іншымі затрыманымі ў гэты дзень студэнтамі яе прызналі палітзняволенай.

«Кася хоча зрабіць на сцяне камеры галерэю»

«Кася заўсёды была актыўнай. Спачатку яна вучылася ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце дызайну, але ёй не хапала актыўнасці аднагрупнікаў. Вырашыла, што ў Менску будзе лепш, і пасля першага курсу дамаглася пераводу туды», – распавядае ў размове з «Белсатам» бацька дзяўчыны, вядомы ў Горадні футбольны заўзятар Віталь Будзько.

Віталь Будзько.
Фота: «Белсат»

У Горадні Кася ўдзельнічала ў выставах і моладзевых творчых праектах. Напрыклад, у арт-праекце «Выстава ў падваротні», калі мастакі вывесілі свае працы ў арцы на Савецкай вуліцы. Або «Галерэі аднаго дня», калі маладзёны выставілі свае працы ў пустой кватэры ў цэнтры гораду, без цэнзуры і рамак, праўда, толькі на адзін дзень.

«Кася заўсёды любіла маляваць, але для сябе, ніякай мастацкай адукацыі ў яе не было. Спачатку яна хацела паступаць у Лінгвістычны ўніверсітэт, пасля – стаць лагапедам. Але калі дайшло да справы, перадумала: маўляў, я буду ўсё жыццё лагапедам? Не, я не згодная. Вырашыла паступаць на дызайн, літаральна за месяц падрыхтавалася і паступіла. Мы з жонкай самі калісьці вучыліся на мастакоў, але мастакамі не сталі. А дачка, магчыма, стане», – распавядае бацька дзяўчыны.

У Менску Кася жыла ў бабулі і дзядулі. 12 лістапада яны былі на лецішчы. Ім патэлефанавалі суседзі і сказалі, што ў кватэру ломяцца невядомыя.

Ліст з СІЗА ад Касі Будзько. Фота прадстаўлена бацькамі Касі
Ліст з СІЗА ад Касі Будзько. Фота прадстаўлена бацькамі Касі

«Суседзі патэлефанавалі і нам у Горадню, таксама выклікалі міліцыю. Міліцыя прыехала і адразу з’ехала. Мы хутка сабраліся і паехалі ў Менску. Пакуль прыехалі, вобшук у кватэры быў ужо скончаны, нікога не было. Увечары нам патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што Кася ў СІЗА. Праз тыдзень яе перавялі на Валадарскага. Справу нібыта перадалі ў Следчы камітэт, але пакуль ніякіх следчых дзеянняў не вядзецца. Больш асабліва інфармацыі няма. Адвакатка – пад падпіскай аб неразгалошванні. Ведаем толькі, што Кася трымаецца і пачуваецца добра», – кажа Віталь Будзько.

У гэты дзень разам з Касей затрымалі ейную сяброўку, мастачку Яну Арабейку. Дзяўчаты разам удзельнічалі ў творчых імпрэзах. Напрыклад, у ліпені зладзілі майстар-клас вырабу паштовак салідарнасці падчас адмысловага онлайн-марафону: вучылі ўсіх ахвотных рабіць прыгожыя паштоўкі, перапісвалі пажаданні вязням, якія дасылалі людзі.

Кася цікавіцца экалогіяй ды займаецца прасоўваннем экалагічнай тэмы: велапаркоўкамі, асобным зборам смецця. Любіць ровар, веганка. Акрамя гэтага, дзяўчыну цікавяць праблемы гендарных стэрэатыпаў, фемінізм.

Кася Будзько. Фота з сацыяльных сетак

«Кася піша ў лістах, што малюе. Допытаў не вядзецца, заняцца асабліва няма чым. Прасіла перадаць ёй прылады для малявання, а таксама даслаць сямейныя фотаздымкі. Магчыма, хоча зрабіць на сцяне камеры галерэю. З аднаго боку, яна актыўная, нефармальная, але разам з тым – сціплая. Падышоў узрост прыняцця рашэнняў, і яна сама робіць выбар, што і як ёй рабіць», – распавядае Віталь Будзько.

На ягоную думку, студэнты, асабліва ў Менску, паказалі вялікую актыўнасць і сталі адным з рухавікоў падзеяў, якія адбываюцца ў краіне. Таму на іх пачалі ціснуць, самых актыўных спрабуюць ізаляваць, каб студэнцкі рух спыніўся.

Віталь Будзько.
Фота: «Белсат»

«Мы ўсе вельмі перажываем, хвалюемся. Не зразумела, што будзе далей. Калі паглядзець на тое, што адбывалася на мінулых выбарах, то ўлады набіралі сабе закладнікаў – палітвязняў, а пасля гандлявалі імі за крэдыты і паляпшэнне адносінаў з Захадам. Так разумею, і зараз палітвязні могуць стаць разменнай манетай у геапалітычный гульні. Магчыма, мая дачка трапіла ў такія закладнікі. Пасля таго, як у нас пачалі даваць тэрміны за маляванне на асфальце, ужо, напэўна, нічога не можа здзівіць. Галоўнае, каб Кася не зламалася. Вядома, трапіць у такія ўмовы цяжка. Па лістах, па тым, што кажа адвакат, пакуль трымаецца бадзёра. Я спадзяюся, што яна заранёў маральна падрыхтавалася да такога развіцця падзеяў», – кажа Віталь Будзько.

Hавiны
«КДБ прыйшоў да мяне дадому». Гісторыі студэнтаў, якіх вымусілі з’ехаць з Беларусі
2020.11.30 13:17

Што такое ЗБС?

Кася – прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў, на якое быў скіраваны ціск.

Задзіночанне беларускіх студэнтаў працуе з 1989 года. Гэта найстарэйшая студэнцкая арганізацыя ў Беларусі, якая рэпрэзентуе беларускае студэнцтва ў Еўропе (напрыклад, ЗБС – прадстаўніка Еўрапейскага звязу студэнтаў, ESU), мае шматлікія міжнародныя кантакты і выбітную гісторыю.

Як падтрымаць?

Падтрымаць Касю Будзько ды іншых студэнтаў можна лістамі на адрас: 220030 Менск, СІЗА-1, Валадарскага 2.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў