Бацька ліхача на Infinity: «Набылі ўжо сыну талончыкі на праезд»


Футбаліст-ліхач побач з аўтам ягонай маці. Фота з «Інстаграму» Іллі Лухвіча

Трэнер футбольнага клубу Аляксандр Лухвіч заяўляе, што сыну больш машыну не дадуць.

Сын галоўнага трэнера футбольнага клубу «Менск», малады футбаліст Ілля Лухвіч, рэгулярна парушае правілы дарожнага руху, і яшчэ хваліцца гэтым у «Інстаграме». Пасля публікацыі падборкі ягоных парушэнняў у медыях ягоны бацька, галоўны трэнер ФК «Менск» Аляксандр Лухвіч, папрасіў прабачэння ў каментарах ды паведаміў, што сына ўжо затрымала міліцыя.

 

 

 

 

 

 

 

 

У размове з «Белсатам» Аляксандр Лухвіч прызнаўся, што сын меў спагнанні за парушэнні на дарозе: штрафы прыходзілі пераважна за перавышэнне хуткасці пасля таго, як ён трапляў у камеры відэарэгістрацыі. Лухвіч падкрэслівае, што аўта не ягонае, а належыць ягонай жонцы.

«Правы ў сына ёсць, ён браў машыну, каб ездзіць ува ўніверсітэт».

Паводле бацькоў, даваць машыну сыну больш не будуць.

«Мы з жонкай ужо купілі яму талончыкі на праезд», – дадае Лухвіч.

Паводле Аляксандра Лухвіча, Ілля ўсцяж знаходзіцца ў міліцыі і бацькам яшчэ не ўдалося з ім паразмаўляць. Апроч адказнасці перад законам, ліхача чакае таксама пакаранне ўнутры сям«і.

«Што за пытанні? Канешне, накажам. Якія бацькі не зрабілі б гэтага ў такой сітуацыі?», – кажа Лухвіч.

Сам спадар Аляксандр маральна гатовы да таго, што ягоная кар’ера трэнера можа скончыцца, а яму прыйдзецца чысціць снег або касіць газон.

«Цяпер усё залежыць ад кіраўніцтва клубу, трэнер ж сам сябе трэнерам не прызначае», – працягвае Лухвіч.

Іллю Лухвічу – 19 гадоў. Ён пайшоў па слядах бацькі, заняўшыся футболам з маленства. Дзіцячую кар’еру правёў у структуры ФК «Менск».

У 2016-м ён дэбютаваў як нападнік у моладзевым складзе клубу. У мінулым сезоне Ілля граў у «Чысці» з Першай лігі. Не забіўшы аніводнага мяча ў 11 гульнях, ён патрапіў у рэзервовы склад «Промня».

Дзяніс Дзюба, Дар’я Румянцава belsat.eu

Стужка навінаў