Бацька Іллі Салея распавёў пра перавод сына пад хатні арышт


Васіль Салей, бацька і адвакат Іллі Салея распавёў TUT.BY пра тое, у якіх умовах зараз жыве адвакат Марыі Калеснікавай. У мінулую пятніцу Іллю Салею змянілі меру ўтрымання і адпусцілі з СІЗА пад хатні арышт.

– У пятніцу ў канцы працоўнага дня нам патэлефанаваў следчы і сказаў, што прынятая пастанова аб змене меры стрымання з утрымання пад вартай на хатні арышт. Дзесьці ў 18.30 ён ужо выйшаў са следчага ізалятара, у 19 мы адвезлі яго дадому. Цяпер Ілля знаходзіцца дома, адчувае сябе нармальна, чытае, адмываецца, накшталт ніякіх бачных наступстваў паўтарамесячнага знаходжання ў месцах не гэтак аддаленых пакуль няма, – кажа Васіль Салей. – Адзінае – у яго дома няма супрацоўніка міліцыі, ён знаходзіцца там адзін, але правяраюць яго рэгулярна, некалькі разоў на суткі: супрацоўнікі міліцыі і прыходзяць, і тэлефануюць. Паколькі Ілля жыве адзін, не з намі, то бачыцца з ім я магу толькі як яго адвакат, не як член сямʼі. Мама яго ўбачыць не можа – па КПК ён можа бачыцца толькі з тымі, з кім сумесна пражываеш.

Ілля Салей і Марыя Калеснікава. Фота прэс-службы штабу Віктара Бабарыкі

Ілля Салей быў затрыманы па крымінальнай справе па артыкуле 361 частцы 3 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці) у верасні і змешчаны пад варту на два месяцы. Адвакат падаваў скаргу на такую меру стрымання, але суд пакінуў яго пад вартай.

Варта адзначыць, што Ілля Салей таксама быў удзельнікам скандальна вядомай сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА. З прысутных на сустрэчы акрамя Іллі Салея на волю пад хатні арышт ці пад падпіску пра нявыезд ужо адпушчаныя бізнесовец Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, галоўны бухгалтар PandaDoc Юлія Шардыка і HR Уладзіслаў Міхалап.

МД belsat.eu

Стужка навінаў